Серада, 17 Кастрычнік 2018

Полацкага актывіста пакаралі штрафам за зварот ў Савет вэтэранаў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Віктар Стукаў Віктар Стукаў

Савет вэтэранаў вайны і працы ААТ «Полацак-Шкловалакно» абвінаваціў актывіста СПБ Віктара Стукава, што той перашкаджаў дзейнасьці арганізацыі. Актывіст даводзіў у судзе, што прыйшоў туды па сямейным пытаньні, а «перашкодзіў» тым, што папрасіў кнігу заўваг і прапаноў.

Хацеў прапанаваць, як удасканаліць працу з вэтэранамі

Справа дайшла да суду з ініцыятывы старшыні савету Веры Дзьмітрыевай. Хоць першым міліцыю выклікаў прафсаюзны актывіст.

«Я прыйшоў у Савет вэтэранаў, каб даведацца пра абавязкі арганізацыі і магчымасьці дапамогі: у мяне памерла цешча, яна была вэтэранам працы, — расказаў Стукаў.— Як высьветлілася, у савеце не адсочваюць лёс былых работнікаў. Таму я папрасіў кнігу заўваг і прапановаў, каб запісаць сваю ідэю: стварыць службу маніторынгу па месцы жыхарства. Але мне адмовілі. А назаўтра проста не пусьцілі ў габінэт — выштурхнулі за дзьверы са словамі: „Выйдзіце прэч, вы тут ніхто“. Тады я выклікаў міліцыю».

Заяву пра «хуліганскія паводзіны» актывіста незалежнага прафсаюзу падпісалі больш за 10 чалавек. Як высьветлілася на судзе, палова зь іх не прачытала, што падпісвае. Але яны сьведчылі ў адзін голас, што Стукаў «ствараў канфліктную і нэрвовую абстаноўку, чым перашкаджаў і замінаў працы Савету вэтэранаў. І старшыня савету нават сымулявала выклік міліцыі, каб яго «напалохаць».

Баяліся «падвоху»

Вера Дзьмітрыева пацьвердзіла ў судзе, што не давала Віктару Стукаву кнігу скаргаў, і рабіла гэта сьвядома. На яе думку, ад актывіста СПБ заўжды варта чакаць нейкага падвоху. Прыкладам, некалькі гадоў таму ён сам падаў заяву на ўступленьне ў арганізацыю вэтэранаў працы. Стукаў мае амаль 30 гадоў стажу на ААТ «Полацак-Шкловалакно», і яго амаль што прынялі, нават узялі ўнёскі. Але высьветлілі, што ён прафсаюзны лідэр, і таму «ня мае маральнага права быць вэтэранам працы».

Сьведкай верасьнёўскага здарэньня была і жонка Віктара Стукава: яны разам прыходзілі ў савет вэтэранскай арганізацыі. Аднак судзьдзя Віталь Лабко не паверыў, што канфліктных паводзінаў з боку яе мужа не было. І прысудзіў Віктару Стукаву штраф памерам 7 базавых велічынь (171,5 руб).

18 кастрычніка адміністрацыйная камісія Полацкага райвыканкаму будзе разглядаць заяву актывіста са скаргай на адмову выдаць кнігу заўваг і прапаноў — такія дзеяньні з боку кіраўніка арганізацыі таксама караюцца штрафам. Актывіст хоча параўнаць памеры спагнаньняў, а потым абскардзіць свой штраф у абласным судзе.


Скарга актывіста на адмову выдаць кнігу заўваг і прапаноў

БС, svaboda.org