Чацвер, 11 Кастрычнік 2018

Віцебскі абласны суд не задаволіў скаргу журналіста з Глыбокага

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Зьміцер Лупач Зьміцер Лупач

Незалежны журналіст Зьміцер Лупач абскарджваў у Віцебскім абласным судзе рашэньне суду Браслаўскага раёну. Разгляд скаргі адбыўся 10 кастрычніка. Вынік разгляду: пастанова райсуду пра штраф у 36 базавых велічыняў (882 рублі) за парушэньне артыкулу 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) пакінутая бязь зьменаў.

Рашэньне райсуду, якое абскарджваў глыбачанін, было вынесенае 4 верасьня судзьдзём Аляксандрам Вязіцкім. Зьмітра Лупача аштрафавалі за рэпартаж пра былога кіраўніка Браслаўскага раёну Ўладзімера Дранеўскага, абвінавачанага ў карупцыі і хабары ў памеры 28 тысячаў эўра. Журналіст узяў інтэрвію ў жыхароў Браслава, папрасіўшы іх выказаць сваё стаўленьне да падзеі.

Цяжка ўявіць такую недарэчнасьць, але гэта неаспрэчны факт: у інфармацыйную эпоху на Беларусі судзяць журналіста за распаўсюд інфармацыі. Каб хоць нейкім чынам зьвярнуць увагу на гэты абсурд, на паседжаньне абласнога суду журналіст прыйшоў у саколцы з надпісам:

Суд зямны — ня суд нябескі,
На хаду сякуць з пляча:
Грошы драў зь людзей Дранеўскі —
Штраф злупілі з Лупача.

Справу разглядала судзьдзя Сьвятлана Іванова. Яна зачытала скаргу журналіста і папрасіла яго выказаць свае аргумэнты.

Добра разумеючы, чым завяршаюцца гэткага кшталту судовыя разгляды, Зьміцер Лупач, тым ня менш, выказаў свой погляд на прысуд Браслаўскага райсуду.

— Я лічу, што маю права здымаць. Я —  прадпрымальнік, у мяне ёсьць дазвол на відэаздымку, я плачу падаткі, але атрымаць акрэдытацыю ў Беларусі нерэальна, хаця нядаўна мяне без усялякіх праблемаў акрэдытавалі нават у Латвіі. У Браслаўскім судзе я пытаўся, чаму за хабар Дранеўскага аштрафавалі мяне, але адказу не атрымаў.

На гэта судзьдзя Іванова адрэагавала пасажам:

— Кожны сам за сябе: Лупач — за сябе, Дранеўскі — за сябе. Усё ў вас?

На гэтым суд і скончыўся. Скаргу Зьмітра Лупача судзьдзя Іванова пакінула без задавальненьня.

Пасьля суду спадар Лупач, за плячыма якога не адзін дзясятак судовых спагнаньняў за журналісцкую дзейнасьць без акрэдытацыі, выказаўся наконт цяперашняга судовага паседжаньня досыць іранічна:

— У нас, як вядома, IT-краіна. Таму з гэткім жа посьпехам можна пасадзіць ў судзейскі фатэль нейкі прымітыўны робат з загадзя запісаным тэкстам: «Разгледзеўшы Вашу справу, суд пакідае пастанову раённага суду бязь зьменаў, а скаргу без задавальненьня».

С. Горкі