Аўторак, 09 Кастрычнік 2018

Не спадабаўся вэтэранам. На полацкага актывіста складзеныя пратаколы аб правапарушэньні

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Віктар Стукаў Віктар Стукаў

Савет вэтэранаў вайны і працы ААТ «Полацак-Шкловалакно» абвінаваціў актывіста Свабоднага прафсаюзу прадпрыемства Віктара Стукава ў перашкодзе дзейнасьці вэтэранскай арганізацыі. У выніку ўчастковы інспэктар склаў на яго два адміністрацыйныя пратаколы за дробнае хуліганства (артыкул 17.1 КаАП). Суд прызначаны на 16 кастрычніка.

Паводле вэтэранаў, якія зьвярнуліся з заявай ў міліцыю, Віктар Стукаў вінаваты ў зрыве працы іх суполкі. Актывіст жа сьцьвярджае, што ўся «перашкода» іх дзейнасьці зь яго боку палягала ў тым, што ён папрасіў у старшыні вэтэранскай арганізацыі Кнігу заўвагаў і прапановаў.

Адміністрацыйныя пратаколы на грамадзкага актывіста складзеныя за падзеі двух дзён, 26 і 27 верасьня.

Распавядае Віктар Стукаў:

«Увечары 26 верасьня я завітаў у габінэт Савету вэтэранаў даведацца пра абавязкі арганізацыі ў дачыненьні да блізкага мне чалавека. Папрасіў Кнігу заўвагаў і прапановаў. Мне адмовілі. Я папярэдзіў адказную асобу вэтэранаў, што гэта парушэньне, але настойваць на атрыманьні кнігі ня стаў. Днём 27 верасьня мяне не пусьцілі ў габінэт Савету вэтэранаў, выштурхнуўшы за дзьверы са словамі: «Выйдзіце прэч, вы тут ніхто», і я папрасіў кнігу паўторна. Кнігу мне не далі, і я выклікаў міліцыю. Інспэктар РАУС Сяргей Мацкевіч правёў апытаньне прысутных і накіраваў матэрыялы ў дзяжурную частку РАУС для адпраўкі ў адміністрацыйную камісію райвыканкаму».

У адказ Савет вэтэранаў 29 верасьня даслаў у міліцыю заяву пра тое, што спадар Стукаў «...учыняў канфліктную і нэрвовую абстаноўку, чым перашкаджаў і замінаў працы Савету вэтэранаў...» Гэтая заява і стала падставай для пратаколаў, якія ўчастковы інспэктар Полацкага РАУС Міхаіл Перапечкін склаў 2 кастрычніка.

Згодна з пратаколамі, актывіст «наўмысна, з хуліганскіх памкненьняў, праявіўшы відавочную непавагу да грамадзтва, умяшаўся ў працу Першаснай арганізацыі вэтэранаў вайны і працы ААТ «Полацак-Шкловалакно»... гучна крычаў, перашкаджаў выконваць службовыя абавязкі, сарваў працу». Савет вэтэранаў заявіў, што яны не маглі дзьве гадзіны працаваць, хоць Віктар, паводле яго словаў, знаходзіўся ў габінэце вэтэранаў усяго хвілін пяць. Пры гэтым ані ў пратаколе, ані ў заяве вэтэранаў не пазначана, што Савет вэтэранаў ня даў Кнігу заўвагаў і прапаноў на патрабаваньне грамадзяніна.

Кажа прафсаюзны актывіст:

«Калі я папрасіў Кнігу заўвагаў і прапановаў 26 верасьня, адна жанчына ў габінэце вэтэранаў мне сказала: «Вы нас так не палохайце». Мабыць, вэтэраны ўспрымаюць такую просьбу як скаргу, але ж у гэтую кнігу можна запісаць і падзяку за добрую працу арганізацыі».

Дарэчы, Віктар Стукаў і сам мог бы прэтэндаваць на сяброўства ў суполцы вэтэранаў: грамадзкі актывіст прапрацаваў у ААТ «Полацак-Шкловалакно» 29 гадоў у шкодных умовах працы. Калісьці яго ледзь не прынялі ў вэтэранскую арганізацыю і нават ўзялі ў яго сяброўскія ўнёскі.

Рашэньне суду наконт нібыта перашкоды з боку актывіста дзейнасьці Савету вэтэранаў прадпрыемства даведаемся 16 кастрычніка. А вось матэрыялы пра нявыдачу вэтэранскай арганізацыяй Кнігі заўвагаў і прапаноў паступілі ў райвыканкам толькі 4 кастрычніка (праз восем дзён пасьля накіраваньня іх туды міліцыянтам). Калі будзе складзены адпаведны пратакол аб адміністрацыйным парушэньні ў дачыненьні да вэтэранаў – пакуль невядома. Старшыня адміністрацыйнай камісіі Полацкага райвыканкаму Сяргей Труханаў адказаць на гэтае пытаньне ня змог.

Аляксандар Марозаў

Залагініцца каб дадаць камэнтары