Віктар Стукаў ў сваёй скарзе адзначыў, што суд Полацкага раёну і гораду Полацку дасьледаваў матэрыялы адміністрацыйнай справы няпоўна, аднабакова і неаб'ектыўна. Старшыня савету вэтэранаў Вера Дзьмітрыева, якая абвінаваціла прафсаюзьніка, сама была прыцягнутая да адказнасьці за нявыдачу кнігі заўвагаў. Як мяркуе Віктар, сустрэчнае абвінавачаньне з боку вэтэранаў было высунутае на патрабаваньне адміністрацыі ААТ «Полацак-Шкловалакно».
Старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікола Шарах: «Мы пастаянна спрабуем накіраваць стасункі прафсаюзу і адміністрацыі заводу "Шкловалакно" ў рэчышча сацыяльнага партнэрства, перамоваў. Аднак у адказ адміністрацыя выкарыстоўвае свой адміністрацыйны рэсурс, каб уціскаць рабочых і актыў прафсаюзу. Гэты чарговы штраф нашаму актывісту – працяг неадэкватных паводзінаў кіраўніцтва прадпрыемства і залежнай ад яго арганізацыі вэтэранаў».
Разгляд скаргі ў Віцебскім аблсудзе доўжыўся 19 хвілін. 14 зь іх Віктар выказваў свае аргумэнты на карысьць адмены адміністрацыйнага штрафу:
Па-першае, па тых самых падзеях старшыня вэтэранаў прыцягнутая да адказнасьці ў выглядзе папярэджаньня.
Па-другое, з дакумэнтаў справы можна зрабіць выснову, што Дзьмітрыева зрабіла загадзя фальшывую заяву ў міліцыю. У заяве ветэранаў сказана, што яны выклікалі міліцыю, але Полацкі РАУС абверг гэтае сьцьверджаньне.
Па-трэцяе, Віктар сам выклікаў міліцыю, каб зафіксаваць факт нявыдачы кнігі заўвагаў. З размовы, запісанай на аўдыё, вынікае, што актывіст прафсаюзу ня меў намеру перашкаджаць дзейнасьці савету вэтэранаў.
У скарзе Віктара Стукава гаворыцца: «З маёй размовы зь дзяжурным РАУС вынікае, што я рабіў усьвядомленыя захады, каб не перашкаджаць дзейнасьці арганізацыі вэтэранаў.
Дзяжурны РАУС – ...ну так мы зараз прыедзем і будзем разьбірацца, таму чакайце.
Стукаў В.Я. – ...я пачакаю Вас у калідоры, каб не перашкаджаць ім працаваць.
Такім чынам, гэта даказвае адсутнасьць суб'ектыўнага боку правапарушэньня, якое мне інкрымінуюць. З майго боку ёсьць усьвядомленае псыхалягічнае стаўленьне да арганізацыі савету вэтэранаў: выйсьці з памяшканьня і не замінаць іх дзейнасьці».
Выслухаўшы довады прафсаюзнага актывіста, судзьдзя манатонна зачытала ўжо гатовае рашэньне: «Пастанову Полацкага суду пакінуць бязь зьменаў, а скаргу – без задавальненьня».
Судзьдзя патлумачыла Віктару, што ён мае 6 месяцаў на абскарджаньне рашэньня Віцебскага абласнога суду старшыню суду і ў Вярхоўны Суд.
Аляксандар Марозаў