Жыхарам Наваполацку Віктару Шауру і Віталю Шыцікаву замест «хіміі» прысудзілі «калонію», паведамляе ПЦ «Вясна». 22 чэрвеня такое рашэнне прыняў Віцебскі абласны суд, разгледзеўшы ў апеляцыйным парадку пратэст пракурора на рашэнне суду Наваполацку, які прысудзіў навапалачанам па два гады «хіміі» паводле арт. 342 КК. Абласны суд задаволіў пратэст і ўзмацніў пакаранне.

Адзін год і 6 месяцаў абмежавання волі – менавіта такое рашэнне 22 чэрвеня прыняла ў дачыненні віцябляніна Вадзіма Ермаловіча суддзя Наталля Карабліна. Суд Першамайскага раёну Віцебску прызнаў мужчыну вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) – камандзіра менскага АМАПу палкоўніка Дзмітрыя Балабы. Падставай былі некалькі каментароў у Тэлеграм-чаце. Пасля абвяшчэння прысуду Ермаловіча вызвалілі з-пад варты ў зале суду.

У Полацку 19 чэрвеня сышоў у вечнасць юрыст-праваабаронца Юрый Бельскі. Яму было 57 гадоў. Юрый быў сузаснавальнікам Полацкага праваабарончага таварыства, доўгі час кіраваў полацкім аддзелам абароны правоў спажыўцоў.

21 чэрвеня ў судзе Першамайскага раёну Віцебску ў межах крымінальнай справы, распачатай у дачыненні да 36-гадовага Вадзіма Ермаловіча, адбыліся спрэчкі бакоў. Пракурор Аляксандр Філімонаў папрасіў суд прызнаць віцябляніна вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і пакараць яго абмежаваннем волі на 1 год і 6 месяцаў. Адвакатка падсуднага папрасіла абмежавацца арыштам на тэрмін, які мужчына ўжо адбыў у следчым ізалятары.

Напрыканцы красавіка 2021 году Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў пад нумарам 3919/2021 індывідуальную скаргу Мікалая Качурца. Прычынай звароту грамадскага актывіста ў Камітэт было неаднаразовае парушэнне беларускай дзяржавай яго права на ўдзел у мірных сходах і на публічнае выказванне свайго меркавання.

Камандзір менскага АМАПу палкоўнік Дзмітрый Балаба падаў грамадзянскі пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды, якую яму нібыта нанеслі каментары віцябляніна Вадзіма Ермаловіча, апублікаваныя ў тэлеграм-чаце «Vitebsk_Юг» у снежні 2020 году. Свае маральныя пакуты амапавец ацаніў у 1000 рублёў. Вадзім Ермаловіч, працэс над якім за абразу Балабы (арт. 369 КК) пачаўся ў Віцебску 18 чэрвеня, пазоў амапаўца прызнаў часткова. Заявіў, што патрабаванні варта знізіць да 500 рублёў.

Па заяве праваабаронцы Паўла Левінава аб парушэнні заканадаўства пры правядзенні 27 мая 2021 году мітынгу каля консульства Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску Кастрычніцкім РАУС была праведзеная праверка. Па выніках праверкі праваабаронцу паведамілі аб адсутнасці парушэння заканадаўства арганізатарамі і ўдзельнікаў мерапрыемства.

18 чэрвеня суд Першамайскага раёну Віцебску пачаў разбіраць крымінальную справу ў дачыненні да 36-гадовага Вадзіма Ермаловіча. Мужчыну абвінавачваюць у публічнай абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Каментарамі ў Телеграм-чаце, па версіі следчых, Ермаловіч зняважыў начальніка менскага АМАПу палкоўніка Дзмітрыя Балабу. Журналістаў на працэс не пусцілі, на першае паседжанне трапілі толькі бацькі падсуднага і адзін слухач.

Актывіст партыі БНФ і палітвязень Уладзімір Малахоўскі быў этапаваны ў папраўчую калонію N22, вядомую як «Воўчыя норы». Пра гэта паведаміла ягоная жонка Ірына. Незадоўга да этапавання экспертная камісія пазбавіла яго групы інваліднасці і забрала пенсію (250 рублёў). Уладзімір Малахоўскі хварэе на анкалогію.

17 чэрвеня яшчэ адзін супрацоўнік наваполацкага прадпрыемства «Нафтан» далучыўся да бестэрміновай забастоўкі. Заяву пра сыход у стачку напісаў дыспетчар вытворчага аддзелу прадпрыемства 43-гадовы Дзяніс Абрамовіч. Прычына: татальныя парушэнні правоў чалавека і правоў працоўных у Беларусі.