Выканаўца абавязкаў начальніка Кастрычніцкага РАУС Віцебску Уладзімір Бондараў у дакуменце без нумароў і даты лаканічна паведаміў аб выніках: «У ходзе праведзенай праверкі парушэння заканадаўства аб масавых мерапрыемствах не ўстаноўлена».
Такім чынам, Бондараў даў зразумець праваабаронцу, што, нягледзячы на тое, што былі парушаныя нормы заканадаўства, падаваць заяву да мясцовых уладаў на дазвол правядзення публічных акцый трэба за 15 дзён. І што, нягледзячы на тое, што мітынг прайшоў на адлегласці, меншым за 50 метраў да дыпламатычных прадстаўніцтваў, мерапрыемства 27 мая ўсё адно было праведзенае строга паводле патрабаванняў закону.
Магчыма, што, калі б на гэтым мітынгу хто-небудзь выкарыстаў БЧБ-сцяг, парушэнне тут жа было б выяўленае, а вінаватыя – пакараныя.
Тым не менш, Павел Левінаў убачыў у прававой ацэнцы, дадзенай міліцыянерам Бондаравым мітынгу каля дыпмісіі Латвіі, пачатак станоўчага трэнду ў працы міліцыі наконт масавых мерапрыемстваў.
«Бондараў В.В. - адзіны вядомы мне супрацоўнік міліцыі ў Віцебскай вобласці, які стаў на шлях абароны правоў і свабод грамадзян, у прыватнасці, на свабоду мірных сходаў і выказвання меркаванняў, якія гарантуюць артыкулы 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах», - выказаў ўдзячнасць міліцыянту праваабаронца Левінаў.
Нагадаем, што 27 мая 2021 году каля дыппрадстаўніцтва Латвіі ў Віцебску сіламі грамадскіх аб'яднанняў «Беларускі рэспубліканскі Союз молодзі», »Белая Русь« і Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі быў праведзены мітынг.
Падчас акцыі ўдзельнікі выкрыквалі розныя лозунгі, у тым ліку «Беларусь – гэта мы!». Такім чынам, яны выказвалі сваё негатыўные меркаванне наконт дзеянняў латвійскіх чыноўнікаў, якія 24 мая 2021 году ў цэнтры Рыгі знялі дзяржаўны сцяг РБ і павесілі замест яго нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг з выявай гербу Пагоня. На мітынгу ў Віцебску нікога не затрымлівалі.
Міхась Пісараў