Падобныя царкоўныя шэсці 1 чэрвеня прайшлі ў 70 гарадах і населеных пунктах Беларусі пад дэвізам «Памяць. Вера. Айчына». Мэта гэтага мерапрыемства, якое ўлады назвалі духоўна-патрыятычным праектам - увекавечанне памяці і ўслаўленне подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
У першы летні дзень каля сабора Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў Глыбокім сустрэліся святары Глыбоцкага благачыння і вайскоўцы 2-га асобнага стралковага батальёна вайсковай часці 5524, якія абслугоўваюць глыбоцкую турму, супрацоўнікі ваеннага камісарыята Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў, аддзела ўнутраных спраў, міжраённага аддзела прымусовага выканання, члены раённых арганізацый ГА "Беларускі саюз афіцэраў", ГА "Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане". Да гэтага далучылі і юных удзельнікі ваенна-патрыятычнага клуба "Паўночны" пры в/ч 5524.
Не абышлася гэтая праваслаўная падзея і без прадстаўнікоў глыбоцкага выканкама. Як піша глыбоцкая раёнка, з прывітальнай прамовай звярнулася намесніца старшыні Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Тарасевіч (жонка адыёзнага суддзі Андрэя Тарасевіча, які выносіў палітычна матываваныя прысуды ў Глыбокім).
“Восем дзесяцігоддзяў беларускі народ жыве і працуе пад мірным небам. Магчымасць гадаваць дзяцей і радавацца кожнаму новаму дню даў нам ратны подзвіг нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Сёння мы праслаўляем мужнасць воінаў, гераізм партызан і падпольшчыкаў, тытанічныя намаганні працаўнікоў тылу. І, канешне ж, вельмі важна, каб кожнае новае пакаленне ведала гісторыю вайны, шанавала памяць яе герояў. Таму немагчыма пераацаніць ролю Усебеларускага Хроснага ходу "Царква і армія", ініцыятарам якога выступіла Беларуская праваслаўная царква сумесна з Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам унутраных спраў, Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях і Дзяржаўным пагранічным камітэтам”, - сказала чыноўніца.
Ад царквы ўдзельнікі так званага Хроснага ходу накіраваліся ў глыбоцкі парк Перамогі. Там адбыўся мітынг-рэквіем. Вядучая коратка расказала аб традыцыі правядзення Хроснага ходу «Царква і армія».
На мітынгу выступіў і часова выконваючы абавязкі ваеннага камісара Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў Уладзімір Суглобаў.
Да гэтай імпрэзы глыбоцкія ўлады сабралі зямлю з месцаў вайсковых пахаванняў і змясцілі ў спецыяльную капсулу. Для іх гэта сімвал Усебеларускага Хроснага ходу "Царква і армія", капсулу перадалі жыхарам суседняга Пастаўскага раёна, а менавіта ў рукі благачыннаму Пастаўскага благачыння протаіерэю Георгію Лакотку.
Паводле “Весніка Глыбоччыны” так званы Усебеларускі Хросны ход павінен завяршыцца ў канцы чэрвеня ля Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска. Капсулы з сабранай з памятных мясцін зямлёй перавязуць у Гомель і ўсталююць у капліцы ў імя святога князя Аляксандра Неўскага.
Эдуард Дюкін