Ілюстрацыйнае фота. У раённых судах Мінска і іншых гарадоў Беларусі 10 лютага працягваюцца разгляды адміністрацыйных спраў у дачыненні да затрыманых на мірных сходах у студзені і лютым  грамадзян, а таксама за вывешаныя на балконах і вокнах бел-чырвона-белыя сцягі і іншую сімволіку.

Суд Маскоўскага раёна Мінска 9 лютага пачаў разгляд крымінальнай справы супраць 31-гадовага палітзняволенага рэжысёра, акцёра і паэта Ігната Сідорчыка. Падставай для крымінальнай справы стаў створаны Ігнатам тэлеграм-чат "Прагулка", які сілавікі выявілі ў яго тэлефоне 10 жніўня. У ім Ігнат паклікаў сваіх сяброў сустрэцца 9 жніўня і распавядаў ім, у тым ліку, як карыстацца проксі серверам і дадаткамі ў выпадку блакавання інтэрнэту. Таксама яго абвінавачваюць у блакаванні руху ўвечары пасля выбараў каля кінатэатра "Беларусь" у Мінску. Першапачаткова супраць Ігната распачалі крымінальную справу паводле артыкула 293 КК, але потым яго перакваліфікавалі на "больш мяккі": на ч.1 арт. 342 КК. За кратамі Ігнат знаходзіцца ўжо паўгода. Справу Ігната разглядае суддзя Юрый Машкетаў. "Вясна" з дапамогай валанцёраў назірае за гэтым судовым працэсам.  Ігнат пісаў вершы і арганізоўваў паэтычныя вечары. У 2016 годзе яны з прыяцелямі паставілі спектакль і выступілі з ім у ДК імя Шарко. Апошнім часам працаваў у рэкламнай кампаніі відэамантажорам.

Руслан Валюк. Фота з сацыяльных сетак. Суд Смаргонскага раёна 8 лютага пачаў разгляд крымінальнай справы Руслана Валюка і Інэсы Маркавай. Іх абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт 188 Крымінальнага кодэкса (Паклёп), за што пагражае штраф, або папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, ці абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў.

Мінскі гарадскі суд 9 лютага разгледзеў апеляцыйную скаргу 21-гадовага палітвязня Антона Лакішыка. На ягоную думку пакаранне ў тры гады калоніі занадта сурова за штуршок супрацоўніка АМАПу (арт. 364 Крымінальнага кодэкса) на акцыі 14 чэрвеня. АМАПавец не атрымаў цялесных пашкоджанняў і не звяртаўся ў медыцынскія ўстановы, хлопец выплаціў яму маральную шкода ў тысячу рублёў і цалкам прызнаў сваю віну. Старшынёў калегі па справе выступала суддзя Мінгарсуда Тамара Унукевіч. Пракурорка Сакалова пагадзілася з довадамі адвакаткі Антона Лакішыка і прапанавала суду змяніць прысуд Цэнтральнага суда і знізіць пакаранне да двух гадоў пазбаўлення волі. Аднак суд пакінуў прысуд без зменаў. Антона Лакішыка на абскарджанне прысуду не падключылі нават праз скайп. Ягоныя інтарэсы ў Мінгарсудзе прадстаўляла адвакатка Кацярына Пятровіч. Яна прасіла суд змяніць прысуд Цэнтральнага суда ад 18 лістапада і прызначыць пакаранне Антону, не звязанае з пазбаўленнем волі: санкцыя артыкула 364 КК прадугледжвае таксама арышт і абмежаванне волі.

Суд Кастрычніцкага раёна Гродна 9 лютага працягнуў разгляд крымінальнай справы за інцыдэнт на выбарчым пікеце 29 траўня па так званай "справе Ціханоўскага". На лаве падсудных: Дзмітрый Фурманаў, Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга. Пацярпелымі па справе прызнаныя чатыры супрацоўнікі міліцыі. На трэцім і чацвёртым судовым паседжанні дапыталі пацярпелых міліцыянтаў з выбарчага пікета Святланы Ціханоўскай на Савецкай плошчы ў Гродне: Уладзіміра Казлоўскага і Аляксандра Хвалені. Справу разглядае суддзя Вольга Бекушава. "Вясна" працягвае назіраць за гэтым судом: 9 лютага працэс маніторыў праваабаронца Раман Юргель. Пацярпелыя супрацоўнікі АМАПу Рахунок і Буднік не з'явіліся і на чацвёртае судовае паседжанне. Суддзя зачытала паведамленне з гродзенскага АМАПа: Рахунок знаходзіцца на стацыянарным лячэнні, хварэе, а Буднік камандзіруецца ў Мінск.

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 8 лютага працягваецца разгляд справы за інцыдэнт на выбарчым пікеце 29 траўня па так званай "справе Ціханоўскага". На лаве падсудных знаходзяцца трое з дзесяці фігурантаў крымінальных справаў за 29 траўня: Дзмітрый Фурманаў, Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга. Пацярпелымі па справе прызнаныя чатыры супрацоўнікі міліцыі. На першы дзень суда з'явіліся толькі двое — Уладзімір Казлоўскі і Александр Хваленя, на наступны дзень планаваўся іх допыт. Але на суд яны не з'явіліся па прычыне таго, што "задзейнічаныя ў ахове грамадскага парадку ў сувязі з Хрышчэннем". Яшчэ двое пацярпелых амапаўцаў не з'явіліся на суд пра прычыне сесіі і хвароы. У судзе абвясцілі перапынак для забяспячэння яўкі ўсіх чатырох пацярпелых міліцыянтаў. Але і на трэцяе судовае паседжанне яны не з'явіліся. "Вясна" працягвае назіраць за гэтым судом. Нагадаем, Дзмітрыя Фурманава, Яўгена Разнічэнку і Уладзіміра Кнігу абвінавачваюць у актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак 29 траўня ў Гродне (ч.1 арт. 342 КК). Акрамя гэтага, Разнічэнку і Кнігу абвінавачваюць у гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да міліцыянтаў (арт. 364 КК). Абвінавачаныя не прызнаюць сваёй віны па ўсіх эпізодах.

Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева ў судзе Фрунзенскага раёну. Менск, Беларусь. 9 лютага 2021 года. Фото: АВ / Белсат Як паведамляе "Белсат", у судзе Фрунзенскага раёну Менску 9 лютага пачаўся працэс над журналісткамі выдання Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. Дзяўчат вінавацяць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Справу разглядае суддзя Наталля Бугук.

Суд Маскоўскага раёна Мінска.Ілюстрацыйнае фота. Суд Маскоўскага раёна г. Мінска пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Іллі Толкача, якога вінавацяць ва ўдзеле ў актыўных групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Суд Фрунзенскага раёна Мінска 9 лютага пачаў разгляд крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса супраць 21-гадовага палітвязня Ігара Пражэннікава. Яго абвінавачваюць у тым, што ён 4 кастрычніка на "Маршы вызвалення палітвязняў" блакаваў рух счэпкамі, заляпляў налепкамі камеры відэаназірання каля ЦІП і ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама, чым прыпыніў працу гэтых ўстановаў, блакаваў рух спецтранспартам на Акрэсціна. Таксама Ігара абвінавачваюць у прыпыненні руху ў Мінску 4 кастрычніка блізу 50 транспартных сродкаў. «Мінсктранс» выставіў пазоў амаль у 19 тысяч рублёў. Справу палітвязня разглядае суддзя Юлія Чыж. "Вясна" назірае за гэтым судовым працэсам і распавядае абставіны гэтай справы. Сам Ігар нарадзіўся ва ўкраінскім горадзе Марыупаль Данецкай вобласці. Потым ён пераехаў у Магілёў, дзе скончыў палітэхнічны каледж па спецыяльнасці "праграміст". Апошнія некалькі гадоў ён жыў і працаваў у Мінску. Апошняе месца працы: колл-цэнтр у піцэрыі. 

Сумесная заява беларускіх праваабарончых арганізацый 8 лютага 2021 года