У Віцебску 30 студзеня прайшлі апошнія суды над удзельнікамі пікету на плошчы Перамогі 29 снежня. Суд Чыгуначнага раёну Віцебску пакараў Аляксея Прохарава штрафам у памеры 50 базавых велічынь, Тацяну Севярынец аштрафавалі на 20 базавых. Абодва прызнаныя парушальнікамі заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, паведамляе "Віцебская Вясна". Справу Аляксея Прохарава разглядала суддзя Алена Цыганкова. Прохараў, абвінавачаны паводле ч.3. арт.23.34 КаАП, не адмаўляў, што 29 снежня быў на плошчы і трымаў плакат са словам «Незалежнасць». Але патлумачыў, што ў сваіх дзеяннях кіраваўся арт. 57 Канстытуцыі, якая на кожнага грамадзяніна накладае абавязак бараніць незалежнасць краіны. Паводле Прохарава, каб паказаць, што пагроза незалежнасці тычыцца абсалютна ўсіх грамадзян, ён прынёс на плошчу дзяржаўны чырвона-зялёны сьцяг і трымаў яго падчас акцыі.
Нягледзячы на гэта, суддзя Алена Цыганкова прызнала Прохарава вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і пастанавіла пакараць віцябляніна штрафам у памеры 50 базавых велічынь (1350 рублёў).
Падчас працэсу суддзя адхіліла хадайніцтва Прохарава вярнуць пратакол на дапрацоўку ў РАУС, бо дакумэнт быў складзены некарэктна (міліцыянты, паводле пратаколу агляду, умудрыліся за 1 хвіліну «агледзець» 4-хвіліннае відэа). Адмовілася суддзя складаць і прыватную пастанову на адрас РАУС у сувязі з гэтым.
Для Аляксея Прохарава гэта другі штраф паводле арт. 23.34 КаАП, якім пакараны цягам году. 26 снежня 2019 году суд Кастрычніцкага раёну Віцебску аштрафаваў Прохарава на 5 базавых велічынь (127 рублёў) за публічныя заклікі ў сацсетках браць удзел у антыінтэграцыйных акцыях. 30 студзеня яго пакаралі штрафам у 10 разоў большым...
Прохараў будзе абскарджваць рашэнне суду Чыгуначнага раёну ў Віцебскім абласным судзе.
У той жа дзень, 30 студзеня, у судзе Чыгуначнага раёну за ўдзел у акцыі ў падтрымку незалежнасці, якая прайшла на плошчы Перамогі ў Віцебску 29 снежня, была пакараная штрафам у памеры 20 базавых велічыняў актывістка БХД Тацяна Севярынец (ч.1 арт. 23.34). Пастанову аб пакаранні вынес судзьдзя Дзяніс Аляксеенка. Сама Тацяна Севярынец на суд не прыйшла.
Нагадаем, што 23 снежня, суд Першамайскага раёну аштрафаваў Севярынец на 30 базавых велічынь паводле таго ж артыкулу (ч.1 арт. 23.34 КаАП), але – за публічныя заклікі ў інтэрнэце браць удзел у акцыі на плошчы Перамогі.
Крыніца: Віцебскіх актывістаў аштрафавалі за абарону незалежнасці Беларусі