Музыкі зь Менску, якія хацелі паўдзельнічаць у канцэрце ў Віцебску, не змаглі выйсьці на сцэну. Пра гэта паведаміў адзін з музыкаў — Павал: «Мы даехалі цягніком зь Менску да Воршы. Там трэба было чакаць дзьве гадзіны, і мы выйшлі, каб прагуляцца. Раптам каля нас зьявіліся супрацоўнікі мясцовай міліцыі. Усіх адвялі ў пункт аховы, праверылі дадзеныя. Пасьля гэтага ў суправаджэньні некалькіх міліцыянтаў мы паехалі ў Віцебск.

26 лістапада на ўезьдзе ў Глыбокае затрымалі незалежных журналістаў Вячаслава Пяшко і Насту Рэзьнікаву. Машыну, якой кіраваў Пяшко, спынілі на ўезьдзе ў горад супрацоўнікі ДАІ. Праверыўшы дакумэнты, міліцыянты спачатку сказалі, што іх насьцярожвае нумар кузава машыны. Пасьля праверылі багажнік і папрасілі праехаць зь імі ў РУУС, бо вонкава машына і яе пасажыры нібыта падыходзілі пад апісаньне махляроў у вышуку.

«Экзэкуцыя доўжылася 4 гадзіны. Увесь гэты час мяне абражалі нецэнзурнай лаянкай. Часам я страчваў прытомнасьць, часта гучна чытаў малітву. Гэта яшчэ больш раздражняла катаў у пагонах, і тады я працягваў чытаньне малітвы моўчкі. Мне дапамагала гэта перанесьці боль. Пасьля 4 гадзін катаваньняў я падпісаў пратакол і яшчэ 4 невядомыя мне дакумэнты», – напісаў у сваёй скарзе Сяргей Рыжоў.

Полацкая міліцыя перашкодзіла прадстаўнікам грамадзкасьці ў правядзеньні сходу . У памяшканьні таварыства спажыўцоў 9 лістапада былі затрыманыя і дастаўленыя ў міліцэйскі пастарунак шасьцёра грамадзян, якія ўдзельнічалі ў сходзе. Затрыманьнем кіраваў старшы лейтэнант міліцыі Міхаіл Перапечкін ў прысутнасьці работнікаў ЖКГ. Пасьля апытаньня ў міліцыі ўдзельнікаў сходу адпусьцілі.

Увечары 1 лістапада машына Пятра Іванова была спыненая супрацоўнікамі ДАІ. Спачатку яму заявілі, што ён парушыў правілы дарожнага руху, праехаўшы на чырвонае сьвятло, і мусіць заплаціць штраф у памеры 1 базавай велічыні («Або можам праехаць у абласное ДАІ, але тады штраф будзе 5 базавых», – паведамілі затрыманаму). Пасьля «прабіцьця па базе» тлумачэньне прычыны затрыманьня з боку даішнікаў зьмянілася: Пятру Іванову сказалі, што ён нібыта знаходзіцца ў вышуку і таму мусіць праехаць у міліцэйскі пастарунак.