На прафсаюзнага лідэра былі складзеныя два пратаколы аб адміністрацыйным парушэньні: за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і за непадпарадкаваньне патрабаваньням міліцыі падчас затрыманьня. Міліцыя пратрымала прафсаюзнага актывіста больш за тры гадзіны і паабяцалі накіраваць справу ў суд да сярэдзіны траўня.
Свабодны прафсаюз апавясьціў мясцовыя ўлады пра намер правесьці пікет і не атрымаў пісьмовага адказу з забаронай на пікет. Прафсаюзны пікет прайшоў без затрыманьняў і працягваўся каля гадзіны пад сьцягам СПБ. Удзельнічалі ў пікеце дзесяць чалавек, падтрымаць патрабаваньні рабочых «Шкловалакна» прыйшлі сябры Беларускага Незалежнага прафсаюзу (БНП) з Наваполацку і прадпрымальнікі з Полацкага рынку. Мінакам раздалі каля 150 прафсаюзных бюлетэняў Свабоднага прафсаюзу «Стекляшка».
Мікалай Шарах - адзіны ўдзельнік пікета, якога затрымалі. Пры вяртаньні актывіста дадому каля кватэры яго сустрэлі людзі ў цывільным, якія адразу не прадставіліся, што яны міліцыянты, з-за чаго ў пад'езьдзе падчас затрыманьня выйшла невялікая бойка.
Мікалай Шарах намесьнік старшыні прафсаюзу СПБ: «Маё затрыманьне незаконнае. Таму што парушае норму міжнароднай дамовы артыкулу 3 Канвэнцыі аб абароне права на прафсаюз. У ёй сказана, што дзяржаўныя ўлады ўстрымліваюцца ад усялякага ўмяшаньня, якое можа абмежаваць права прафсаюзу арганізоўваць сваю дзейнасьць. Мы прадставілі міліцыі і райвыканкаму выпіску з рашэньня прафсаюзу пра намер правесьці пікет і забароны прафсаюз не атрымліваў».
Мікалай накіраваў у пракуратуру дзьве скаргі на дзеяньні міліцыі: на незаконнае затрыманьне, калі ён знаходзіўся пры выкананьні прафсаюзных абавязкаў; і на адмову міліцыі запрасіць яго абаронцу з моманту затрыманьня, што прадугледжана законам (п.5 арт. 4.1 ПВКаАП).
Пра затрыманьне прафсаюзнага лідэра падчас выкананьня ім сваіх прафсаюзных абавязкаў неадкладна быў праінфармаваны Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. БКДП, у сваю чаргу, пра парушэньне міжнароднай дамовы ўладамі Беларусі праінфармаваў Міжнародную канфэдэрацыю прафсаюзаў (МКП) і Камітэт па свабодзе аб'яднаньня Міжнароднай арганізацыі працы (МАП).
https://viciebskspring.org/news/zatrymanni/item/942-piket-u-polatsku-zavyarshyusya-zatrymannem-prafsayuznaga-lidera#sigProIdf8ac5ad9c7
Аляксандар Марозаў