Чацвер, 22 Студзень 2015

Распачаліся ганеньні на крышнаітаў?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Некалькі дзён таму у Полацку былі затрыманыя двое сяброў крышнаіцкай суполкі, на якіх былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні паводле артыкулу 17.1 “Дробнае хуліганства”. 15 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску адзін з затрыманых змог азнаёміцца з матэрыяламі справы і напісаць заяву-хадатайніцтва пра перанос судовага паседжаньня ў сувязі з камандзіроўкай найбліжэйшым часам. Адміністрацыйная справва другога затрыманага была перададзеная ў суд Аршанскага раёну і гораду Воршы.

Са словаў абвінавачаных стала вядома, што знаходзячыся каля гандлёвага дому ў Полацку, яны прапаноўвалі мінакам паразмаўляць і азнаёміцца зь літаратурай. У гэты час да іх падыйшла жанчына, якая прадставілася адміністратарам гандлёвага дому, і папрасіла адысьці далей ад будынку. Крышнаіты выканалі просьбу, але празь некаторы час былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі.

Пратрымаўшы беспадстаўна іх каля шасьці гадзінаў, не патлумачыўшы прычыны затрыманьня, іх правы і абавязкі, міліцыя прад’явіла ім абвінавачаньні ў “дробным хуліганстве”, у тым ліку за нецэнзурную лаянку ў публічным месцы. Пасьля складаньня пратаколаў на падставе заявы адміністрацыі гандлёвага дому сяброў крышнаіцкай суполкі адпусьцілі, а справы накіравалі ў суды па месцы іх рэгістрацыі – у Менск ды Воршу.

Трэба адзначыць, што нецэнзурная лаянка пярэчыць рэлігійным перакананьням крышнаітаў, як і абразьлівае прыставаньне да грамадзянаў і іншыя наўмысныя дзеяньні, якія парушаюць грамадзкі парадак.

Паводле spring96.org