Серада, 16 Лістапад 2022

Знікла сувязь з журналісткай Жаннай Івановай (Жалевіч). Верагодна, яна затрыманая

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Учора, 15 лістапада, у Першамайскім РАУС яе пазнаёмілі з адміністрацыйным пратаколам, складзеным за парушэнне артыкула 24.23 КоАП за несанкцыянаванае пікетаванне. Жанну Іванову збіраліся ўтрымліваць да суду ў ІЧУ, аднак тамтэйшыя лекары не пагадзіліся прыняць жанчыну з сур’ёзным хранічнымі хваробамі. Яна вярнулася дахаты, але сёння ранкам напісала з Фэйсбуку, што да яе ў кватэру «ломяцца невядомыя».

Сувязі з Жаннай Івановай няма – яе тэлефон не адказвае. Паведамленне пра візіт невядомых таксама знікла з яе старонкі ў Фэйсбуку.

Паводле інфармацыі, якую жанчына агучыла ўчора, яе вінавацяць за размяшчэнне ў Instagram і «Одноклассниках» фотаздымкаў, на якіх ёсць нацыянальная сімволіка. Усяго чатыры такіх выпадкі зафіксаваны ў адміністрацыйным пратаколе. Жанчына атрымала позву ў суд Першамайскага раёну на 18-га лістапада і дала падпіску, што прыйдзе туды добраахвотна.

Ці быў у журналісткі ператрус, і дзе яна цяпер знаходзіцца, пакуль не вядома. Нічога не паведамляе пра гэта нават інтэрнэт- выданне «Витебский курьер», з якім яна супрацоўнічала ў апошнія гады. Жанчына жыве адна, і яна неаднаразова пісала ў сацыяльных сетках, што вельмі хвалюецца за лёс хатніх гадаванцаў, калі яе затрымаюць ці арыштуюць.

Таццяна Віктарава