Серада, 06 Ліпень 2022

СК перадаў у пракуратуру яшчэ адну віцебскую справу «за абразу прэзідэнта»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пра абвінавачанага – «28-гадовага жыхара Віцебску» – паведаміла ўпраўленне следчага камітэту па Віцебскай вобласці. Ягонае імя не паведамляецца, але вядома, што ён працуе кіроўцам, жанаты, мае дваіх няпоўнагадовых дзяцей, меў адміністрацыйныя пакаранні, у тым ліку за парушэнне парадку арганізацыі і правядзенне масавых мерапрыемстваў.

Апрача як паводле ч.1 арт. 368 (публічная абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), мужчыну вінавацяць па ч.1 арт.130 (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне сацыяльнай варожасці), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), ч. 3 арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні).

Паводле матэрыялаў следства, 28-гадовы віцяблянін з сакавіка 2021 году па студзень 2022 году быў падпісчыкам «экстрэмісцкіх Telegram-каналаў, дзе заклікаў да гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, абражаў міліцыянтаў і Аляксандра Лукашэнку». Дзеля следчых дзеянняў у абвінавачанага быў забраны мабільны тэлефон, праведзены шэраг лінгвістычных экспертыз дзеля ацэнкі выказванняў у інтэрнэце.

Зараз мужчына знаходзіцца пад вартай, суд над ім мае пачацца на працягу месяца.

Станіслаў Іваноўскі