Следчыя пытаюцца, што вядома пра факты «дыверсій» (псаванне стрэлак, рэлейных шафаў, рэек і г.д.), ці не звярталіся да апытаных па інфармацыю, што да спецыфікі працы чыгункі ў рэгіёне, таксама цікавяцца наяўнасцю ў тэлефоне Тэлеграм-суполак з удзелам чыгуначнікаў і допісамі ў тэматычных тэлеграм-каналах.
Дапытаныя распавядаюць пра «чэргі да следчых», бо выклікі ў СК набылі масавы характар. Запрашаюць у следчы камітэт, як правіла, праз тэлефон. І адразу папярэджваюць, што магчымасці адмовіцца ад размовы няма – калі што, то дастаўка будзе прымусовая. На допыты выклікаюць людзей самых розных прафесій, пераважна далёкіх ад працы на чыгунцы. У абсалютнай бальшыні выкліканыя ў Следчы камітэт – гэта тыя, каго затрымлівалі падчас мірных акцый пратэсту супраць вынікаў мінулых прэзідэнцкіх выбараў.
Між тым сутнасць крымінальнай справы застаецца для «сведкаў» таямніцай. Найверагодней, гэта так званая «чыгуначная справа», распачатая па фактах вываду са строю абсталявання чыгункі пасля пачатку вайны ва Украіне. Такім чынам «партызаны» спрабавалі спыніць пастаўкі зброі расейскаму боку.
Юліян Стамброўскі