Аршанская арганізацыя РЭП, якой нязменна кіраваў Бераснеў, была зарэгістраваная ў 2016 годзе і за шэсць гадоў ператварылася ў магутную рэгіянальную прафсаюзную структуру з больш як 150 сябрамі. Прычым большую яе частку складала моладзь. Сваю дзейнасць прафсаюз праводзіў на тэрыторыі Дубровенскага, Талачынскага і Сенненскага раёнаў Віцебскай вобласці. Пры прафсаюзе працавала юрыдычная служба, актыўнасцю вылучалася жаночая секцыя.
Асноўныя праблемы, якія даводзілася вырашаць РЭП-аўцам, – гэта працаўладкаванне, незаконныя звальненні, нявыплаты заробкаў, розныя працоўныя спрэчкі.
Апроч таго, Васіль Бераснеў сумяшчаў працу ў прафсаюзах з праваабарончай дзейнасцю. У Аршанскім рэгіёне ён быў прадстаўніком Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб'яднання «Беларускі Хельсінкскі камітэт», якое, па рашэнні Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, было ліквідаванае 30 верасня 2021 года.
Міхаіл Пісараў