Чацвер, 31 Сакавік 2022

У Наваполацку затрымалі актывістку руху «За Свабоду» Таццяну Трафімаву

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Затрыманне адбылося 30-га сакавіка. Па звестках праваабаронцаў, жанчыну вінавацяць паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў). Сябры і знаёмыя чакалі, што сёння над спадарыняй Таццянай адбудзецца суд. Аднак працэсу не было, і падобна, што жанчыну будуць трымаць пад вартай 72 гадзіны. Такое шырока практыкуецца на Віцебшчыне: затрыманых па «палітычных» артыкулах не судзяць адразу, а выпісваюць позвы ў суды пасля трох сутак знаходжання за кратамі.

30-га сакавіка наваполацкія міліцыянты прыйшлі па Таццяну Трафімаву на працу. Не заспеўшы актывісткі, накіраваліся да яе дахаты. Калі меркаваць па міліцэйскім імпэце ў пошуках жанчыны, то ўсе матэрыялы адміністрацыйнай справы мусілі быць падрыхтаваныя, каб найхутчэй накіраваць яе ў суд. Аднак Таццяну Трафімаву затрымалі, а да суду справа не дайшла.

 Сябры і аднадумцы не выключаюць, што наваполацкую актывістку адпусцяць на волю ў нядзелю, а суд адбудзецца пазней. Але гэта толькі ў тым выпадку, калі справа супраць яе толькі адміністрацыйныя, і іншых падставаў для затрымання ў міліцыянтаў няма.

 

Станіслаў Іваноўскі