У Беларусі, рызыкуючы трапіць у пастарунак, а потым у ІЧУ, нехта адважваецца надзець жоўта-блакітны шалік ці выйсці з букетам жоўтых і блакітных кветак. Жыхар Віцебску Яўген Сцяпанаў абраў свой шлях супраціву: ён піша звароты да дзяржаўных кіраўнікоў і дэпутатаў, не даючы ім забыцца на адказнасць за маўчанне і нежаданне выступіць за мір.
Адзін з першых лістоў быў накіраваны дэпутатцы гарсавету Валянціне Багатыровай. Атрымаў допіс ад Яўгена Сцяпанава і Старшыня Віцебскага гарвыканкаму Мікалай Арлоў. У лісце да дзяржаўнага чыноўніка выкладзены патрабаванні абвясціць фармаванне антываеннага руху і падтрымаць любыя формы антываенных пратэстаў; патрабаваць неадкладнага вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі, лічыць вайсковымі злачынцамі ўсіх, хто прымаў рашэнне пра вайсковыя дзеянні ва Украіне, і хто санкцыянаваў агрэсіўную прапаганду, якая апраўдвае вайну, у дзяржаўных беларускіх медыях.
Свае патрабаванні спыніць вайну ва Украіне Яўген Сцяпанаў накіраваў і дзяржаўным асобам вышэйшага рангу – міністру абароны Рэспублікі Беларусь, кіраўніку ўзброенымі сіламі краіны, Генеральнаму пракурору РБ. Жыхар Віцебску піша, што як чалавек і грамадзянін не даваў згоды на прысутнасць расейскіх войскаў на тэрыторыі сваёй краіны. Таму ад свайго імя, як прадстаўніка грамадзянскай супольнасці, ён забараняе пакідаць у Беларусі замежных вайскоўцаў, а таксама выкарыстоўваць тэрыторыю краіны для нанясення ўдараў па замежных дзяржавах. Таксама «я забараняю ўдзел у вайсковых канфліктах за межамі Рэспублікі Беларусь усім вайсковым служачым Узброеных сіл РБ», – піша Яўген Сцяпанаў.
Адзіны «кантынгент», які віцяблянін прапануе адмыслова даслаць у зону вайсковага канфлікту, гэта «супрацоўнікі сілавых структур, якія праявілі асаблівую адвагу, выкарыстоўваючы фізічную сілу, спецыяльныя сродкі і зброю супраць бяззбройных грамадзянаў, жанчын, пенсіянераў, і інвалідаў падчас пратэстных падзеяў падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 году».
На думку Яўгена Сцяпанава, ягоныя лісты дасягаюць сваёй мэты, хоць адказаў на іх ён пакуль не атрымаў. Выкарыстоўваючы палажэнні закону аб зваротах грамадзянаў, чыноўнікі і дзяржслужбоўцы абяцаюць даць адказ на працягу 30-ці дзён. Але адказ трымаць давядзецца абавязкова, і не толькі ў пісьмовай форме, перакананы жыхар Віцебску.
Андрэй Кот
Панядзелак, 07 Сакавік 2022
Яўген Сцяпанаў: «Мае заявы – гэта мая зброя!»
Пратэсты супраць вайсковай агрэсіі Расеі супраць Украіны праходзяць зараз у розных фарматах. У розных краінах свету людзі выходзяць на шматтысячныя мітынгі.
Апублікавана ў
Затрыманьні
Тэгі: