Праз трое сутак, якія давялося правесці ў ІЧУ, на волю выйшла студэнтка Наваполацкага дзяржаўнага ўніверсітэту Аляксандра Бука. Яе затрымалі на выбарчым участку разам са знаёмым, Цімафеем Нікіпяровічам . Аляксандра нават не мела намеру галасаваць, бо гэта быў не ейны ўчастак, і пайшла проста «за кампанію». «За кампанію» яе і затрымалі. Цімафею Нікіпяровічу прысудзілі 15 сутак арышту за тое, што ён сфатаграфаваў бюлетэнь. Па якім артыкуле яго судзілі, Аляксандра дакладна не ведае, а што да яе, то суду не было ўвогуле. У міліцыянтаў не знайшлося аніякіх доказаў супраць дзяўчыны, якую без віны трымалі ў зняволенні. Апрача гэтага, у дзяўчыны забралі мабільны тэлефон, нібыта «для праверкі».
Падобная гісторыя адбылася і ў Віцебску: жанчыну затрымалі па дарозе з выбарчага ўчастка. Яна прыходзіла на «рэферэндум» разам з сынам, і спяшалася на працу. Аднак трапіла ў ІЧУ, дзе адбыла трое сутак. Суд не знайшоў падставаў для пакарання, але працэс перанесены: каб зачапіцца хоць за нешта, хочуць дапытаць міліцыянтаў, якія затрымлівалі жанчыну.
Уласна ў Віцебску 27 лютага былі затрыманы каля 10 чалавек. Прынамсі, двое з іх прысуджаны да арыштаў: на 15 сутак Уладзімір Булаўскі, на 10 сутак Кацярына Бакан. У Наваполацку 27 лютага затрымалі 22 чалавекі, па звестках «Вясны» 4 з іх асуджаны на тэрміны ад 10 да 30 сутак.
Феліцыян Красоўскі
Пятніца, 04 Сакавік 2022
Аляксандра Бука: Затрымалі «за кампанію», адпусцілі без суда, але праз трое сутак
Высвятляюцца падрабязнасці пра лёсы затрыманых на выбарчых участках 27 лютага, у дзень»рэферэндуму». Некаторыя адбылі па трое сутак за кратамі літаральна ні за што.
Апублікавана ў
Затрыманьні