Затрыманьне: «Пойдзе за польскага шпіёна»
Са словаў Юрыя Касача, увечары 9 жніўня ён знаходзіўся чыгуначным вакзале ў Менску, чакаў свой цягнік да месца працы. Падышлі праваfхоўнікі ў чорным. Не назваўшыся, праверылі пашпарт, пасьведчаньне камандзіраванага, квіток на цягнік і прапанавалі прайсьці ў чакальню. За 50 мэтраў ад уваходу ў будынак вакзалу невядомы ў масцы аддаваў амапаўцам загад на затрыманьне грамадзянаў, якіх вылучаў з натоўпу.
У гэты шэраг трапіў і Юры. Пабачыўшы ў пашпарце некалькі адзнак аб перасячэньні мяжы з Польшчай, невядомы ў масцы заявіў: «…пойдзе за польскага шпіёна». Юрыя адвялі ўбок, заламалі рукі і скруцілі плястыкавым хамутом. Празь нейкі час затрыманых зьмясьцілі ў машыну і павезьлі ў невядомым кірунку. Прычыну затрыманьня ніхто не патлумачыў.
На Акрэсьціна: «Вакол была кроў і жмуты валасоў»
Уяўленьня пра тое, куды затрыманых прывезьлі не было. Пазьней выпадкова Юры прачытаў на тумбачцы слова «Акрэсьціна». Людзей паставілі галавой у плот, а затым змусілі стаць на калені галавой у падлогу. Амапаўцы амаль бесьперапынна зьбівалі дручкамі, загадвалі сьпяваць дзяржаўны гімн, мацюкаліся, запалохвалі: «…Галасаваў за Ціханоўскую? Памрэш тут…» Зьдзекаваліся з вычварэнскай жорсткасьцю і жанчыны ў форме. Ежы не давалі, мэдычнай дапамогі нікому не аказвалі. На трэція суткі ў камэру кінулі счарсьцьвелы хлеб.
У адзін зь дзён адбыўся суд. Юрыя абвінавацілі ў тым, што ён крычаў «Ганьба!» на вуліцы Кальварыйскай. Ягонае пярэчаньне пра тое, што затрыманьне адбылося на вакзале, суд пад увагу ня ўзяў. Асудзілі на 15 сутак.
У чацьвер яго вывелі з камэры паставілі на калені галавой у падлогу: вакол – кроў, выбітыя зубы, жмуты валасоў. Праз тры гадзіны пачалася загрузка ў аўтазак. Юры пачаў губляць прытомнасьць, вайсковец выцягнуў яго з кучы чалавечых целаў. Прывезьлі ў іншае месца, прапанавалі падпісаць нейкае прызнаньне, ён адмовіўся, за што трапіў у штрафны ізалятар.
У суботу павезьлі на Акрэсьціна. Зноў загадалі па-добраму падпісаць дакумэнт. Юрый ізноў адмовіўся. Адправілі ў камэру, але вечарам нечакана адпусьцілі.
Напісаць заяву ў СК падштурхнулі пагрозы
Пасьля вяртаньня ў Наваполацак Юры Касач зьвярнуўся ў паліклініку па дапамогу. Калі лекары даведаліся, што ён быў на Акрэсьціна, выдаваць бальнічны адмовіліся. Палец на правай руцэ не згінаецца, і мужчына яго не адчувае, пастаянна баліць сьпіна.
Скласьці заяву ў сьледчы камітэт Касачу дапамог былы судзьдзя Аляксандар Казаравец, пасьля чаго нечакана зьнік.
«Праваахоўнікі забралі Аляксандра проста са стадыёну падчас прабежкі. Адвезьлі ў цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў і затрымалі на трое содняў, але затым адпусьцілі. Я зь ім яшчэ не размаўляў, таму ня ведаю, якія абвінавачаньні супраць яго выстаўленыя», – кажа Юры.
У Наваполацкім аддзеле сьледчага камітэту заяву прынялі, але ўсімі сваімі паводзінамі далі зразумець, што ніякіх пэрспэктыў яна ня мае.
«90 адсоткаў людзей з 300 затрыманых, зь якімі давялося кантактаваць, былі схопленыя не на пратэстах. Шмат затрыманых ля крамаў: загадвалі адміністрацыі зачыняць краму і на выхадзе забіралі. Таксоўцу забралі проста з таксі. Мужчыну, які прывёз жонку з вострым зубным болем, забралі ля начнога кабінэта клінікі», – расказвае Юры Касач.
«Першае, што падштурхнула мяне напісаць заяву – гэта пагрозы. Выпускаючы мяне, сказалі: калі вякну, калі адчыню пашчу – мяне наўпрост «замочуць», забяруць, і да Менску жывым не даеду… Спачатку было страшна, але калі праходзіць два-тры дні, і ты бачыш сьмелых дзяўчатак з кветкамі, то – які тут страх?..» – патлумачыў Касач.
С. Горкі