Чацвер, 28 Люты 2019

“Будзьце пільныя – ён небясьпечны!” У чым правініўся перад міліцыяй блогер Пятрухін?

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Сяргей Пятухін. Фота: ПЦ "Вясна" Сяргей Пятухін. Фота: ПЦ "Вясна"

Калі трэба ратаваць гонар мундура – для міліцыі прыдатныя любыя сродкі, у тым ліку – хлусьня, утойваньне фактаў і банальнае самачынства. Вашай увазе – чарговы матэрыял у межах мультымэдыйнага праекту #БезПраваНаРасправу праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Берасьцейскага блогера Сяргея Пятрухіна сьледчыя абвінавачваюць па ч.2 арт.188 і ч.2 арт.189 Крымінальнага кодэксу – “паклёп і абраза, нанесеныя ў публічным выступе, альбо ў друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, альбо ў сродках масавай інфармацыі”.

Падставай для прыцягненьня блогера да крымінальнай адказнасьці за “паклёп” стаў відэаролік, які быў зьняты яшчэ ў сакавіку 2018-га ў будынку суду Ленінскага раёну Берасьця і трансьляваўся на YouTube. У ім Пятрухін, як гаворыцца ў пастанове, “выказваў інфармацыю адносна ўчастковага інспэктара Ленінскага РАУС Сяргея Ігнацюка”.

Сяргей Пятрухін

Але калі казаць каротка, без канцыляршчыны, Пятрухін сьцісла пераказаў гісторыю двухгадовай даўніны, у якую трапіў жыхар Берасьця Павал Камінскі: той паведаміў у Сьледчы камітэт, што 3 ліпеня 2016 году жорстка і беспадстаўна быў зьбіты ўчастковымі Ленінскага РАУС Берасьця.

І, што дзіўна, адбылася гэтая драматычная гісторыя ў Дзень незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, у кавярні, куды Павал зайшоў зь сябрам адзначыць афіцыйнае сьвята.

Павал Камінскі

Але Сьледчы камітэт упарта ня бачыў прычын распачынаць крымінальную справу супраць міліцыянтаў, якіх нават не адхілілі ад выкананьня абавязкаў на час разгляду справы.

І вось: 126 дзён праверак за два з паловай гады, якія прайшлі пасьля інцыдэнту; 7 адмененых пастановаў сьледчага райаддзелу Сьледчага камітэту; так і не пачатае паўнавартаснае расьсьледаваньне справы – пераканаўчыя аргумэнты невінаватасьці міліцыянтаў? Вось вам асабліва “важкі аргумэнт”: калі ты, хлапец, да гэтага быў буянам і выпівакам – значыць, цябе ніхто ня біў…

Пачакайце, як ня біў? А хто ж тады зрабіў усё гэта?..

“Закруцілі мне рукі, гвалтам зацягнулі ў апорны пункт міліцыі на вуліцы Спартыўнай і там жорстка зьбілі. Пагражалі забіць, а потым вывалаклі з апорнага пункту на вуліцу і пырснулі ў вочы з газавага балёніка”, – успамінае пацярпелы Павал Камінскі.

На гэта ў праваахоўнікаў маецца свая хітрая вэрсія: “У ходзе разьбіральніцтва”, то бок проста ў пастарунку міліцыі, яго зьбіла ... яго ж родная маці. Вось пытаньне: зь якіх прычынаў сьледчы давярае тлумачэньням былой жонкі Камінскага (зь якой у яго даўнія непрыязныя адносіны, і быць цалкам аб'ектыўным сьведкам ёй цяжкавата) і тлумачэньням міліцыянта, які, калі карыстацца лёгікай сьледчага, зацікаўлены ў тым, каб дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі былі прызнаныя законнымі?..

Але што пра ўсё гэта кажа сам Павал Камінскі?

А сьведкаў супрацьпраўных паводзінаў Паўла Камінскага, пра якія кажуць міліцыянты, прадказальна няма. Як няма і сьведкаў іх бясчынстваў. Здаецца, менавіта таму подзьвіг бравых участковых вырашылі ”спусьціць на тармазах”. Але ж – ды дзе там!

Гісторыя атрымала агалоску дзякуючы Сяргею Пятрухіну, які распавёў пра міліцэйскае самачынства ў дачыненьні да берасьцейца.

Блогера заўсёды цікавілі факты міліцэйскага бясчынства, і ён, вядома ж, узяўся за гэтую гісторыю. А справа яшчэ і ў тым, што міліцыянты Ігнацюк і Якушэвіч затрымлівалі Пятрухіна раней, каля яго дома. Тады таксама заломлівалі рукі, а на судзе зладжана заяўлялі, што блогер быў нападпітку, ішоў хістаючыся... Адным словам – абылгалі.

“На судзе я падышоў да іх і сказаў прыкладна так, што вось гэта – Сяргей Пятровіч Ігнацюк, які зьбівае берасьцейцаў, запомніце яго і будзьце пільныя, бо ён небясьпечны. Гэта ён зьбіў Паўла Камінскага. Менавіта гэты эпізод мне ставяць у якасьці паклёпу. Але які ж тут паклёп?” – кажа Сяргей Пятрухін.

Ня ўсё тое, што вядома праваабаронцам, выкладзенае ў гэтай гісторыі міліцэйскага самавольства – сёе-тое засталося за кадрам і будзе выкарыстанае пры абароне блогера Сяргея Пятрухіна ў судзе.

Зьбіцьцё затрыманага супрацоўнікам міліцыі – гэта службовае злачынства

Перавышэньне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў – наўмыснае зьдзяйсьненьне службовай асобай дзеяньняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму па службе, што пацягнула прычыненьне шкоды ў буйным памеры альбо істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян, альбо дзяржаўным ці грамадзкім інтарэсам.

Наўмыснае зьдзяйсьненьне службовай асобай дзеяньняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму па службе, спалучанае з гвалтам, пакутай ці абразай пацярпелага, караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасьці альбо без канфіскацыі і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасьцю.

#БезПраваНаРасправу