Актывісты «Моладзі БНФ» 16 кастрычніка 2018 году каля будынку Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Беларусі правялі мірную акцыю пратэсту – пікет супраць дзедаўшчыны ў войску ў межах новай грамадзкай кампаніі “Квіток на той сьвет”.
Чаму супраць дзедаўшчыны? Усё вельмі проста: у апошні час у грамадзтве расьце абурэньне хваляй выкрытых у ходзе расьсьледаваньняў і судоў выпадкаў жорсткага абыходжаньня з маладымі салдатамі з боку стараслужачых, а таксама злоўжываньняў афіцэраў. Дастаткова ўспомніць справу Коржыча, якая завяршылася асуджэньнем некалькіх асобаў, якія маюць дачыненьне да гэтай трагедыі.
Права на свабоду мірных сходаў, свабоду выказваньня меркаваньняў – гэта аснова дэмакратычнай сыстэмы. Гэтыя правы, а таксама магчымасьці іх абмежаваньня вельмі падрабязна выкладзеныя ў міжнародных дакумэнтах, абавязковых для Беларусі.
Жорсткасьць міліцыі, якая праяўляецца падчас разгону сходаў і пікетаў, зьневажальнае абыходжаньне з затрыманымі пратэстоўцамі шматкроць узмацняюць шкоду ахованым свабодам. Таму гэтыя выпадкі прыцягвалі і будуць прыцягваць увагу праваабаронцаў.
Пікет супраць дзедаўшчыны доўжыўся літаральна некалькі хвілін і быў спынены супрацоўнікамі АМАПу. Удзельнікаў пікету Дзяніса Мандзіка, Ганну Сьмілевіч (Пахолка) і Арсенія Дзядка затрымалі і адвезьлі на аўтамабілі з танаваным шклом у РУУС Цэнтральнага раёну, дзе склалі пратаколы правапарушэньня.
Але што ж адбываецца з затрыманымі, калі яны хаваюцца за цёмным шклом аўтобусаў без апазнавальных знакаў?
Распавядае Дзяніс Мандзік:
“Пасьля затрыманьня ля будынку Генэральнага штабу 16 кастрычніка я быў дастаўлены ў Цэнтральны РУУС Менску, дзе на мяне склалі пратакол, правялі асабісты дагляд, дактыласкапіравалі і сфатаграфавалі. Увечары таго ж дня мяне і Ганну даставілі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў. Характэрна, што пры этапаваньні мне начапілі кайданкі. На мае просьбы паслабіць кайданкі супрацоўнікі міліцыі ніяк не рэагавалі”.
Наступнай раніцай Дзяніса Мандзіка двойчы этапавалі, і зноў у кайданках – спачатку з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў у РУУС, а потым з РУУС у суд Цэнтральнага раёну.
“Падчас перавозкі ў суд усіх затрыманых змацавалі між сабою кайданкамі і ў такім выглядзе выводзілі з машыны ў будынак суду”, – адзначае актывіст у сваёй заяве ў пракуратуру.
Дзяніс Мандзік упэўнены, што ніякіх дзеяньняў, якія маглі б паслужыць падставай для прымяненьня да яго спэцсродкаў супрацоўнікамі міліцыі, ні ён, ні іншыя затрыманыя не зьдзяйсьнялі.
“Лічу, што сваімі дзеяньнямі супрацоўнікі міліцыі Цэнтральнага РУУС г. Менску перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы, дапусьцілі ў дачыненьні да мяне ды іншых затрыманых жорсткае, бесчалавечнае абыходжаньне, якое прычыняла мне фізычныя пакуты, абражала маю чалавечую годнасьць”, – сьведчыць актывіст і просіць пракуратуру правесьці праверку і прыцягнуць супрацоўнікаў міліцыі да адказнасьці.
Праваабаронцы “Вясны” падкрэсьліваюць, што згодна з Законам “Аб органах унутраных спраў” спэцыяльныя сродкі (кайданкі, гумовыя палкі, сродкі зьвязваньня, спэцыяльныя хімічныя рэчывы і інш.) ужываюцца ў крайніх выпадках:
- затрыманьня і дастаўленьня ў органы ўнутраных спраў падазраваных (абвінавачваных) у зьдзяйсьненьні злачынстваў;
- асоб, у дачыненьні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, калі яны аказваюць непадпарадкаваньне або супраціў;
- канваяваньня і ўтрыманьня асоб, адміністрацыйна арыштаваных, дэпартацыі ці высылцы;
- асоб, затрыманых па непасрэдна знойдзеным падазрэньні ў зьдзяйсьненьні злачынства;
- асоб, якія знаходзяцца пад вартай, калі яны аказваюць непадпарадкаваньне або супраціў альбо маюцца падставы меркаваць, што яны могуць зьдзейсьніць уцёкі альбо прычыніць шкоду мінакам ці сабе.
Са скаргай у пракуратуру Цэнтральнага раёну зьвярнулася і Ганна Сьмілевіч (Пахолка).
Яна просіць правесьці пракурорскую праверку названых у скарзе фактаў, вызначыць асобы супрацоўнікаў міліцыі, якія дапусьцілі перавышэньне сваіх паўнамоцтваў і прыцягнуць іх да ўстаноўленай законам адказнасьці, а таксама паведаміць ёй пісьмова аб выніках праверкі.
Распавядае Ганна Сьмілевіч:
“Увечары з Цэнтральнага РУУС нас адвезьлі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў. Там супрацоўнікі вельмі жорстка з намі абыходзіліся.
Мяне больш за ўсё ўразіла зьневажальная працэдура агляду, калі цябе распранаюць дагала. Яшчэ прымушалі трымаць рукі за сьпінай і крычалі нават, калі гэтага ня робіш.
У камэрах было вельмі халодна, я пасьля гэтага моцна захварэла. Назаўтра пасьля прагулкі нас спачатку адвялі ў “стакан” [камэра маленькага памеру. - Рэд.], дзе мы сядзелі прыкладна паўгадзіны. Затым невядома чаму адзелі кожнаму кайданкі і павезьлі ў РУУС. З гэтага моманту і да суду практычна ўвесь час нас трымалі ў кайданках, ды яшчэ скоўвалі ўсіх разам у адзін ланцуг.
Кайданкі былі зацягнутыя вельмі моцна, Дзяніс нават прасіў іх крыху аслабіць, але супрацоўнікі міліцыі ігнаравалі ягоныя просьбы”.
У дадзенай сытуацыі, чым асабліва заклапочаныя праваабаронцы, кайданкі былі ўжытыя для прычыненьня фізычных і маральных пакутаў, а ня ў мэтах, прадугледжаных законам.
Калі законных падставаў для прымяненьня наручнікаў няма, а іх ужываньню папярэднічаюць пагрозы, непаважлівае стаўленьне да затрыманых удзельнікаў мірнага пікету, то гэтыя акалічнасьці ў сукупнасьці даюць падставы быць упэўненым, што такія дзеяньні міліцыянтаў – гэта ня проста дысцыплінарная правіна, гэта – акт забароненага звароту.
Суд Цэнтральнага раёну г. Менску за парушэньне арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) пакараў Ганну Сьмілевіч штрафам у памеры 25 базавых велічынь, а Дзяніса Мандзіка – штрафам у памеры 30 базавых велічынь. Адміністратыўны перасьлед трэцяга затрыманага – Арсенія Дзядка, спынілі з прычыны яго непаўналецьця.
#БезПраваНаРасправу - што гэта за праект?
Мультымэдыйны праект #БезПраваНаРасправу зьяўляецца часткай дзейнасьці Праваабарончага цэнтру “Вясна” па выяўленьні выпадкаў катаваньня і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасьць відаў абыходжаньня і пакараньня з боку органаў улады і іншых дзяржаўных структур.
На жаль, нямногія з падобных ахвяр вырашаюцца дамагацца пакараньня для сваіх крыўдзіцеляў ці хаця б надаць агалоску такім інцыдэнтам. У выніку міліцыянты застаюцца беспакаранымі, людзі – неабароненымі ад міліцэйскага гвалту, а статыстыка МУС аб службовых злачынствах – моцна скажонай. Праект #БезПраваНаРасправу закліканы зламаць сьцяну маўчаньня, страху і беззаконьня і паказаць, што катаваньням і жорсткім відам абыходжаньня можна і трэба супрацьстаяць.