Серада, 24 Студзень 2024

На Віцебшчыне зарэгістравана толькі 20% назіральнікаў ад неабходных

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

У Віцебскай вобласці тэрытарыяльныя і акруговыя выбаркамы ўжо акрэдытавалі крыху больш за 280 наглядальнікаў (20 працэнтаў ад мінімальна неабходнага) з грамадзян, якія пражываюць у межах рэгіёну. Для таго каб у кожным выбарчым участку, а іх у рэгіёне створана 693, было хаця б па два назіральнікі, неабходна знайсці яшчэ як мінімум 1100 грамадзян з актыўнай палітычнай пазіцыяй.

Найбольшую актыўнасць у жаданні назіраць за ходам выбарчай кампаніі праявілі грамадскія арганізацыі. Яны дэлегавалі ў выбаркамы больш за 260 назіральнікаў або 93 працэнты ад агульнай колькасці акрэдытаваных назіральнікаў.

Традыцыйна павышаную ўвагу арганізацыі назірання надаюць Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, якія ўжо накіравалі адпаведна 68 і 58 сваіх сяброў.

Да ліку актыўных сузіральнікаў усіх відаў праяўлення электаральнай актыўнасці грамадзян можна аднесці 47 членаў БРСМ, якіх цяпер можна лічыць назіральнікамі, 44 члены РГА "Белая Русь" і 36 феміністак з Беларускі саюз жанчын.

Палітычныя партыі пакуль значна адстаюць ад "грамадскіх" арганізацый. Кіраўніцтва мясцовых партыйных аддзяленняў накіравалі назіраць у камісіях дзесяць сваіх прадстаўнікоў у якасці назіральнікаў, з якіх 7 чалавек дэлегавала Беларуская партыя "Белая Русь", трое - КПБ. Ёсць яшчэ 9 назіральнікаў, якія накіравалі грамадзяне.

Рыгор Баравец