Паводле рэдакцыі «раёнкі», у праекце будуць аповеды пра кандыдатаў, апытанкі і дыскусіі, а таксама меркаванні простых людзей пра будучыя выбары, якія маюць адбыцца 25 лютага. Менавіта з апошняга запланаванага пункту – з меркаванняў выбарцаў – праект і распачаўся. Аднак «простымі людзьмі» дзвюх жанчын, якім дала слова газета, наўрад ці назавеш.
Першая з іх – Наталля Рыбакова, дырэктарка раённай бібліятэчнай сістэмы. Падчас мінулых выбарах была ўдзельніцай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі. У сваіх меркаваннях пра выбары яна апелюе да настальгічных пачуццяў, маўляў, з савецкіх часоў выбарчыя ўчасткі асацыююцца са святочнай атмасферай, там можна сустрэць шмат знаёмых і «просто отдохнуть душой». Не абышлося і без ідэалагічных штампаў пра тое, што, «реализуя избирательное право, мы определяем своё будущее, будущее своего населённого пункта, своей страны на ближайшие несколько лет». Цалкам разумна жанчына разважае пра функцыі дэпутатаў: «важно, чтобы он мог на деле доказать, что рдеет за народ, что обращаться к нему – не пустая трата времени, а наоборот, польза». Аднак галоўнае, чаго бракуе ў выказваннях спадарыні Рыбаковай, - гэта канкрэтных прыкладаў уплыву мясцовых дэпутатаў на паляпшэнне жыцця ў рэгіёне.
Другая прадстаўніца ад нібыта «простых людзей» - загадчыца канцылярыі Расонскага райсуда Настасся Трафімава. У сваім выказванні для раённай газеты яна таксама дэкларуе, што «на уровне района с помощью выборов можно решать многие вопросы», і што «важно, чтобы депутат мог реально помочь своим избирателям, умел отстаивать их интересы». Канкрэтных справаў, зробленых дзейнымі дэпутатамі, спадарыя Трафімава не прыгадвае таксама. Але настойвае на тым, што ўдзел у выбарах, - гэта практычна абавязак кожнага: «С моей точки зрения, непозволительно не воспользоваться таким правом, когда оно есть. Считаю, что активную гражданскую позицию должны занимать все граждане. Ведь мы живём в обществе и надо принимать хоть какое-то участие в общественной и политической жизни».
«Хоць нейкі ўдзел у грамадскім і палітычным жыцці» у выглядзе пахода на выбарчы ўчастак – гэта практычна і ўсё, што дазваляюць улады грамадзянам Беларусі. Іншых формаў удзелу не проста не прадугледжана: скасаваны практычна ўсе грамадскія арганізацыі, не створаныя па ініцыятыве «зверху», а за выказванні пра палітыку і нават «лайк» у сацыяльных сетках пад «апазіцыйным» кантэнтам чалавек можа атрымаць штраф, арышт і нават турэмны тэрмін.
Ганна Балашова