Чацвер, 21 Снежань 2023

Мёрскія чыноўнікі сустракаюцца з моладдзю ў межах так званай выбарчай кампаніі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Старшыня так званага раённага Савета дэпутатаў Валерый Драбо і пракурор раёна Андрэй Вяцюгоў завіталі на сустрэчу са старшакласнікамі СШ №2 імя М. Ізварына ў Мёрах. Як піша раённая газета “Мёрскія навіны”, яны распавядалі моладзі пра развіццё раёна, вобласці і краіны, пра ход расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў час Другой сусветнай вайны і пасляваенны перыяд.

Валерый Драбо  паведаміў, што быццам у апошнія гады Мёрскі раён з аграрнага пераходзіць у прамысловы. Ён пачаў хваліцца металапракатны заводам, якія ўлады Беларусі па-рэйдарску захапілі ў яго гаспадароў, што ён на сёння самы сучасны ў свеце.

“30% выпускаемай ім прадукцыі цалкам пакрываюць патрэбы нашай краіны ў белай бляхі, астатняе ідзе на экспарт. Наш мясакамбінат - самы маленькі ў Віцебскай вобласці. Тым не менш займае годнае месца на рынку Беларусі, экспартуе прадукцыю і ў Расійскую Федэрацыю”, - сказаў Драбо.

Чыноўнік у сваёй прамове пачаў згадваць самыя буйныя прадпрыемствы Беларусі і казаць пра тое, што ў краіне развітая прамысловасць, якая дасталася ў спадчыну ад СССР. Што быццам заводы пастаянна ўдасканальваюць і мадэрнізуюць, што дапамагае іх прадукцыі паспяхова канкурыраваць на рынку.

Пасля Валерый Драбо даў зразумець моладзі, каб вучыліся ў Беларусі і нікуды не з’язджалі, бо, паводле яго слоў,  дзяржава дае моладзі ўмовы для вучобы і ў сваю чаргу разлічвае на яе. Мёршчына мае патрэбу ў спецыялістах у многіх галінах.

Гэта была невялікая размінка перад галоўным і асноўным пытаннем – выбары ў Беларусі. Старшыня так званага раённага Савета дэпутатаў нагадаў пра адзіны дзень галасавання ў Парламент і мясцовыя Саветы, які пройдзе 25 лютага 2024 года. І сказаў моладзі, што прыняць у іх удзел абавязаны кожны грамадзянін, бо недапушчальна заставацца абыякавым да лёсу сваёй краіны. Паводле чыноўніка, пісаць яе далейшую гісторыю беларускаму народу трэба разам.

Вось толькі ён не ўдакладніў, што гэтую гісторыю дазволена пісаць толькі лаяльным да ўлады людзям, прызначэнцам, якія гатовыя выконваць любыя, нават супрацьзаконныя загады ўлады. І, канешне, ён не расказаў, у якіх умовах праходзяць так званыя выбары ў Беларусі.

Далей перад моладдзю выступіў пракурор раёна Андрэй Вяцюгаў, які распавёў пра ход расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Другой сусветнай вайны і пасляваенны перыяд. Яе не так даўно завялі ўлады, каб адцягнуць увагу беларусаў ад асноўных праблем у краіне.

“Мільёны жыхароў Беларусі ў цяжкі перыяд Вялікай Айчыннай вайны прынялі актыўны ўдзел у адстойванні дзяржаўнай незалежнасці. Наш народ, па-сутнасці, быў пастаўлены перад выбарам магчымасці свайго існавання. І ён свой выбар зрабіў”, - падсумаваў пракурор.

А які выбар зробяць нарэшце беларусы, убачым бліжэйшым часам. Будзем спадзявацца, што ён будзе правільны і Беларусь нарэшце стане дэмакратычнай краінай.

Таццяна Анісімава