Панядзелак, 09 Кастрычнік 2023

Набліжаюцца выбары. У Віцебску пайшлі агітаваць студэнтаў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў сустрэўся са студэнтамі ВДУ. Гаворка вялася пра тое, чаму ім неабходна абавязкова прыйсці на выбарчы ўчастак і прагаласаваць. Зразумела, што спадар Цярэнцьеў на сказаў праўду – маўляў, для масавасці, каб у скрынях для галасавання была ўнушальная колькасць бюлетэняў. Удзел у выбарах ён назваў «іспытам на грамадзянскую спеласць». Але на змену рыторыцы пра тое, што падчас выбараў кожны грамадзянін вырашае далейшы лёс краіны, прыйшла іншая. «Ваша будучыня і будучыня краіны залежыць ад тых, хто займаецца законатворчасцю», заявіў старшыня аблСавета.

На сустрэчу з Уладзімірам Цярэнцьевым адмыслова сабралі выкладчыкаў ВНУ і студэнтаў-першакурснікаў, якія ў лютым наступнага голу будуць галасаваць упершыню. Старшыня аблсавета патлумачыў асаблівасці будучай выбарчай кампаніі, у прыватнасці, тое, што сёлета ў адзін дзень будуць выбіраць дэпутатаў розных узроўняў – ад мясцовых саветаў да Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага схода. І выказаў спадзеў, што выкладчыуі абавязкова данясуць гэтую інфармацыю да тых студэнтаў, якія на сустрэчу не трапілі.

Практыка паказала, што падчас выбарчых кампаній студэнтаў ВДУ, як і навучэнцаў іншых установаў, гоняць на выбарчыя ўчасткі ў загадным парадку. Калі раней да ўдзелу ў галасаванні студэнтаў спрабавалі заахвоціць, прыкладам, рабілі дадатковы выходны ў суботу, каб маладыя людзі прагаласавалі загадзя і змаглі паехаць дахаты, то апошнім часам іх проста «здымалі» з заняткаў і на чале з выкладчыкам вялі ў залу для галасавання. Сёлета прымус абяцае быць яшчэ больш жорсткім, хаця абноўлены Выбарчы кодэкс не прадугледжвае парогу мінімальнай яўкі. І чым бліжэй да 25 лютага 2024 г., тым больш часта прадстаўнікі ўладаў будуць звяртацца да грамадзян Беларусі з заклікамі абавязкова «выканаць грамадзянскі абавязак»

Уладзімір Мікалаенка