Затое скрыня перад пачаткам галасавання была апячатаная такім чынам, што пад крышку магла пралезці далонь. Назіральнік напісаў скаргі ў акруговую камісію, а на ўчастках тым часам вырашылі пазбавіцца ад яго.
«Да мяне падыходзяць і кажуць: «Ведаеце, Вадзім Мікалаевіч, у нас ужо ёсць назіральнікі ад БРСМ, ад Белай Русі, ад Фонду Міру. Трох назіральнікаў нам дастаткова, і мы клапоцімся пра ваша здароўе: зараз людзі хварэюць на каронавірус, ідзіце лепей дахаты». Значыць, як рэферэндум праводзіць, дык каронавірусу няма. А як мне працаваць назіральнікам, дык ёсць небяспека?» – кажа Вадзім Кузьмін.
Назіральнік падаў скаргі ў акруговую камісію, у тым ліку і пра тое, што яго выдалілі з участкаў. Скаргі ён адвёз асабіста, але не паспеў дабрацца дахаты, як яму патэлефанавалі з пракуратуры і запрасілі прыехаць «на прафілактычную гутарку». Калі ж ён адмовіўся, то пракурорскія работнікі прыгразіліся прыехаць да яго дахаты, нягледзячы на тое, што ён даглядае хворую 92-гадовую маці.
Вадзім Кузьмін вырашыў, што сам у пракуратуру без позвы не пойдзе, бо не парушаў заканадаўства ў адрозненне ад чальцоў выбарчых камісіяў.
Альбіна Рэут