Кіраўніцтва абласной міліцыі таксама папярэджвае, што дзяжурныя міліцыянты будуць мець пры сабе мабільныя відэарэгістратары, каб фіксаваць спробы супрацьпраўных дзеянняў, у тым ліку ў дачыненні да ўдзельнікаў камісіяў. Паведамляецца, што ўсе ўчасткі ў абласным і раённых цэнтрах абсталяваныя «трывожнымі кнопкамі». На выпадак беспарадкаў у рэжыме кругласуткавай гатовасці будзе знаходзіцца адмысловы рэзерв супрацоўнікаў органаў унутраных справаў.
Апрача пільнай аховы камісіяў і ўчасткаў, з ініцыятывы пракуратуры створаная спецыяльная група «на выпадак надзвычайнага становішча». А рэгіянальная дзяржаўная прэса на сваіх старонках папярэджвае чытачоў пра адміністрацыйную і крымінальную адказнасць за арганізацыю і ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.
Беспрэцэдэнтныя захады для аховы правапарадку ў дні датэрміновага галасавання і ў асноўны дзень «рэферэндуму» сведчаць пра тое, што ўлады імкнуцца не дапусціць аніякіх праяваў нязгоды з вынікамі «народнага волевыяўлення». Адкрытае запалохванне грамадзянаў дзяржаўныя СМІ спрабуюць завуаляваць разважаннямі дзяржаўных чыноўнікаў пра «абавязак прагаласаваць за будучыню краіны», якія штодня друкуюцца на старонках абласных і рэгіянальных выданняў.
Андрэй Кот