У склад працоўнай групы ўвойдуць 8 прадстаўнікоў абласной пракуратуры. Асноўная задача групы будзе, каб неадкладна рэагаваць на розныя форс-мажорныя сітуацыі падчас галасавання на ўчастках, а таксама пры падліку галасоў і падвядзенні вынікаў «рэферэндуму».
«У дзень рэферэндуму, 27 лютага, сябры групы будуць дзяжурыць на сваіх працоўных месцах, апроч гэтага і ў тэрытарыяльных пракуратурах таксама будзе арганізаванае дзяжурства, пачынаючы ад моманту адкрыцця ўчасткаў для галасавання і заканчваючы падлікам галасоў. Гэта зроблена для таго, каб аператыўна рэагаваць на магчымае надзвычайнае становішча», – заявіў начальнік аддзелу пракуратуры Віцебскай вобласці Дзмітрый Кудраўцаў.
Супрацоўнік пракуратуры не патлумачыў, з чым можа быць звязанае «надзвычайнае становішча» падчас галасавання. Магчыма – з масавымі фальшаваннямі на ўчастках, а магчыма – з іншымі неправамернымі дзеяннямі сябраў участковых камісіяў рознага ўзроўню. Ці залішняя актыўнасць назіральнікаў запатрабуе ўмяшання пракурорскіх супрацоўнікаў? А магчыма, пад «надзвычайным становішчам» пракурор разумее дзеянні выбарцаў, якія прыйдуць, каб псаваць бюлетэні і выказваць тым самым пратэст у дачыненні «рэферэндуму».
Акурат да такой мадэлі паводзінаў заклікаюць розныя грамадскія і палітычныя лідары. І гэты сцэнар не падабаецца ўладам.
Так, пракурор Віцебскай вобласці Ігар Украінец пастанавіў абмежаваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў, якія заклікаюць псаваць бюлетэні. Акрамя таго па ўсёй краіне праходзяць арышты грамадзян, якія заклікаюць не прымаць удзел у так званым «рэферэндуме».
Антон Цупракоў