Шмат хто зь мясцовых жыхароў не адразу пазнавалі спадара Лябедзьку – папросту не чакалі, што ён прыедзе ў Віцебск, каб падтрымаць чальцоў ініцыятыўнай групы, якія зьбіраюць подпісы за ягонае вылучэньне. Калі ж пазнавалі, то адразу ўзьнікала шмат пытаньняў. Сярод іх галоўнае: «Ці сапраўды можна чакаць нейкага іншага выніку выбараў - не такога, як было ў мінулыя разы?»
Паводле палітыка, спадзявацца на зьмену ўлады ў краіне цяжка. Аднак магчымасьць сустракацца зь людзьмі ў перадвыбарчы час трэба выкарыстоўваць.
«Калі б ня выбарчая кампанія, то хіба мы сустрэліся б на пікеце ў Віцебску? Хіба нейкі пікет з апазыцыйным палітыкам наогул быў бы дазволены? А цяпер мы сустракаемся, размаўляем, і гэта важна, бо людзі павінны адчуваць, што пра іх праблемы ведаюць. Я лічу, што прадпрымальнікі – гэта наша мэтавая група. Гэта тыя людзі, якія сапраўды хочуць перамен, хочуць зьменаў у эканамічным пляне, гэта актыўныя людзі. Таму іхная падтрымка важная для мяне, для маёй партыі, для маіх прыхільнікаў», - сказаў Анатоль Лябедзька.
Падчас размоваў з прадпрымальнікамі Смаленскага рынку і гандлёвага цэнтру «Эвіком» палітык падзяліўся і сваімі плянамі нагадаць беларускаму грамадзтву пра палітвязьняў і зьніклых палітыкаў. Зрабіць гэта ягоныя аднадумцы зьбіраюцца найбліжэйшымі днямі.
Паводле spring96.org