Чацвер, 12 Снежань 2019

Віцебскія назіральнікі: Сёлетняя выбарчая кампанія – самая брудная з усіх папярэдніх

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Падчас абмеркаваньня Падчас абмеркаваньня

У сераду 11 сьнежня Мікалай Казлоў і Анатоль Лябедзька сустрэліся з сябрамі віцебскай арганізацыі АГП і назіральнікамі на мінулых выбарах. Адбылося абмеркаваньне вынікаў назіраньня за сёлетняй кампаніяй ды пытаньня ўдзелу ў назіраньні за выбарамі ў 2020 годзе.

Сапраўдная яўка склала ад 36% да 41%

Кіраўніца гарадзкой арганізацыі АГП Ірына Яскевіч, аналізуючы выбарчую кампанію, зьвярнула ўвагу на тое, што ў Віцебску прадстаўнікі дэмакратычных партый працавалі адной камандай. Удалося арганізаваць шчыльнае назіраньне па адной выбарчай акрузе. Паводле Яскевіч, назіральнікі спрацавалі прафэсійна, нягледзячы на ціск і выдаленьні. Усе яны маюць намер удзельнічаць і ў назіраньні 2020 году.

Як сьцьвярджаюць назіральнікі, выбары па Віцебскай-Чкалаўскай акрузе без фальсыфікацый наогул не адбыліся б. Актывісты адзначаюць, што гэтая кампанія была самай бруднай з усіх папярэдніх. Сапраўдная яўка на выбарчых участках склала ад 36-ці да 41-го адсотку.

Назіральніца Вера Сьцепанішчава расказала аб прымусе да галасаваньня на яе выбарчым участку. У асноўны дзень яна назірала за галасаваньнем «на даму». Пяць гадзінаў разам з сябрамі камісіі яна абыходзіла кватэры 150 выбарцаў (чатыры 10-павярховікі), якія нібыта запрасілі да сябе чальцоў камісіі. Званілі ў кожную кватэру. І за 5 гадзінаў прагаласавалі толькі 28 выбарцаў. Многія галасаваць адмаўляліся, астатнія галасавалі толькі з той прычыны, што да іх прыйшлі.

Самае цікавае, што па вяртаньні на выбарчы ўчастак скрыня на 40 хвілінаў некуды зьнікла, а пры падліку галасоў у ёй аказаўся… 531 бюлетэнь. У назіраньні Вера Сьцепанішчава ўдзельнічае ад 1994 году.

Удзел у назіраньні – акт мужнасьці

Старшыня АГП Мікалай Казлоў выказаў падзяку віцебскім назіральнікам, падкрэсьліў важнасьць зробленай справы, назваўшы ўдзел у назіраньні актам мужнасьці.

«Лукашэнка разьлічваў на прызнаньне выбараў эўрапейцамі, але ўсе разам мы не дапусьцілі гэтага. Выбары, відавочна, не адбыліся. Дзякуючы вам кожны прызначаны дэпутат у глыбіні душы гэта разумее. А з улікам таго, што існуе верагоднасьць аб'яднаньня з Расеяй, важна, каб парлямэнт быў нелегітымны», – сказаў Мікалай Казлоў.

 Выступае Мікалай Казлоў 

Як мяркуе старшыня АГП, сябры камісій добра разумеюць, што, фальсыфікуючы выбары, чыняць злачынства. Адсюль – помсьлівасьць і жаданьне любымі сродкамі выдаліць назіральніка з участку.

Як зазначыў Мікалай Казлоў, важнасьць прэзыдэнцкай кампаніі для краіны разумеюць прадстаўнікі ўсіх дэмакратычных партый. Гэта тая тэма, якая аб'ядноўвае ўсіх, бо наўпрост зьвязаная з незалежнасьцю краіны.

Адносна адзінага

«Ва ўсіх правацэнтрыстаў ёсьць разуменьне, што адзіны кандыдат неабходны. Мы прыйшлі да высновы, што ў гэтым кірунку трэба працаваць, і мы гатовыя. Магчыма, што да пяці ўжо існых структураў далучыцца РЭП. Дамовіцца складана. І справа ня столькі ў амбіцыях, колькі ў сваім бачаньні. Усе ведаюць, як мусіць быць, але як да гэтага дайсьці? У кожнага свая пазыцыя», – выказаўся Мікалай Казлоў.

Удзельнічаць у выбарах трэба

Старшыня абласной арганізацыі АГП Станіслаў Храпавіцкі завочна дыскутаваў з тымі, хто выступае за няўдзел у выбарчых кампаніях пры цяперашніх правілах гульні. Ён адзначыў, што досьвед удзелу ў выбарах пераконвае ў неабходнасьці вылучэньня дэмакратычных кандыдатаў і назіраньня за выбарамі.

«Калі б не было нашых кандыдатаў – пра якое тады назіраньне можна было казаць? Раз мы палітычная партыя, вылучэнцаў якой падтрымалі іншыя палітычныя структуры, то мы паўдзельнічалі ва ўсіх этапах выбарчай кампаніі», – сказаў Храпавіцкі.

Прапановы па зьменах у выбарчае заканадаўства

Анатоль Лябедзька казаў падчас сустрэчы пра каштоўнасьць досьведу, набытага назіральнікамі, які трэба эфэктыўна выкарыстоўваць. Неабходна з кола назіральнікаў выбіраць тых, хто здольны перадаваць свой досьвед іншым. Карысным назваў ён і выданьне брашуры «У дапамогу назіральніку».

Анатоль Лябедзька агучвае прапановы зьменаў у Выбарчы кодэкс

Сыстэму назіраньня за выбарамі прэзыдэнта трэба выбудоўваць ужо сёньня, прыцягваючы новых людзей праз усе магчымыя сучасныя сродкі, мяркуе Лябедзька.  

Падкрэсьліў былы кіраўнік АГП і тое, што высновы АБСЭ аб непрызнаньні сёлетніх выбараў базуюцца на фактах парушэньняў, зафіксаваных назіральнікамі. Сваёй працай назіральнікі не дапусьцілі ў парлямэнцкую асамблею Эўранэст (складовая частка «Усходняга партнэрства») прыўладных дэпутатаў ад Беларусі.

Анатоль Лябедзька зьвярнуў увагу на тры зьмены, якія АГП прапануе ўнесьці ў выбарчае заканадаўства:

  1. Фармаваньне выбарчых камісій на плюралістычнай аснове. Любы кандыдат мае права мець свайго прадстаўніка ў складзе камісій.
  2. Абмежаваньне датэрміновага галасаваньня адной акругай. Абавязковае абгрунтаваньне прычыны ўдзелу выбарца ў датэрміновым галасаваньні.
  3. Падлік галасоў у адпаведнасьці са строгай працэдурай.

Прапановы мяркуецца перадаць у ЦВК да лютага 2020 году.

С. Горкі, фота аўтара

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.