Вольга Быкоўская адзначыла на пачатку сустрэчы, што перад наступнай выбарчай кампаніяй неабходная праца над памылкамі.
«Улада не гатовая змагацца законнымі мэтадамі»
Пачалі з фармаваньня выбарчых камісій. Вольга Быкоўская адзначыла, што пры адсутнасьці зьменаў у заканадаўстве спадзявацца на паўнавартаснае улучэньне апазыцыйных кандыдатаў у іх склад не выпадала. У Віцебскай вобласьці сябрамі камісій сталі адзінкі.
Падчас агітацыйнай кампаніі таксама было нямала перашкодаў для незалежных кандыдатаў: зьняцьце з рэгістрацыі з надуманых прычынаў, зрыў выступаў па тэлебачаньні. Улада асабліва палохалася заклікаў да імпічмэнту Лукашэнкі.
«Любыя згадкі пра Беларусь без Лукашэнкі выклікалі неверагодную рэакцыю. Выступ кандыдата ў дэпутаты Ўладімера Няпомняшчых з Гомля зьнялі толькі з прычыны яго заклікаў да зьмены ўлады праз імпічмэнт. Гэта сьведчыць пра тое, што ўлада не гатовая змагацца са сваімі апанэнтамі законнымі мэтадамі. Але ж ад апазыцыі натуральна чакаць заклікаў да зьмены ўлады! Імпічмэнт – гэта нармальны і законны варыянт», – казала Вольга Быкоўская.
Выступае Вольга Быкоўская
Паводле яе, на стадыі назіраньня пераважная колькасьць назіральнікаў, выдаленых з участкаў, былі сябрамі кампаніі «Права выбару». Іх назіраньне было актыўным і эфэктыўным. Яны фіксавалі парушэньні, таму кіраўніцтва камісій рэагавала жорстка.
Як паведаміла Быкоўская, агулам ва ўсёй Беларусі назіральнікі зафіксавалі 757 парушэньняў, сярод якіх – неналежнае захоўваньне скрыняў датэрміновага галасаваньня, прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні, завышэньне колькасьці тых, хто галасаваў дома.
«Герой той, хто дайшоў да фінішу»
Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў адзначыў, што ў якасьці адказу на ўдалую відэафіксацыю парушэньняў падчас выбараў, ЦВК можа прыняць рашэньне аб забароне назіральнікам мець пры сабе любыя сродкі відэа- і фотафіксацыі на выбарах прэзыдэнта.
«Галоўнай задачай назіральніка ўсё ж застаецца назіраньне за ўсім працэсам галасаваньня. Герой той, хто і зафіксаваў парушэньні, і дайшоў да фінішу», – зазначыў Павал Левінаў.
На 8-мі ўчастках назіральнікі прызналі выбары празрыстымі
Цынічнай і нахабнай назвала мінулую выбарчую кампанію Тацяна Севярынец. Прызналася, што такую ж ацэнку яна дала і на нядаўняй сустрэчы з кіраўніцтвам гораду.
Тацяна Севярынец назвала выбары цынічнымі
Тацяна Севярынец нагадала, што з аб’ектыўных прычын цалкам закрыць назіраньне ў Віцебску ўдалося толькі па адной акрузе. Але наогул назіраньне на ўчастках было якасным.
Але паведаміла, што на 8-мі ўчастках з 35-ці назіральнікі «Права выбару» засьведчылі «адкрытае і празрыстае галасаваньне», хаця і на тых участках выбарчыя камісіі пры падліку галасоў не лічылі кожны бюлетэнь асобна.
Як мяркуе ўдзельніца кампаніі назіраньня Ірына Трацякова, у гэтай сытуацыі мог спрацаваць псыхалягічны момант. «Некаторыя назіральнікі чамусьці думаюць, што калі пры падліку іх упершыню дапусьцілі да стала і яны пабачылі птушачку ў бюлетэні, то гэта і ёсьць адкрыта і галосна», – сказала Трацякова.
Патрэбны дапаможнік для назіральнікаў
Падчас дыскусіі Павал Левінаў выказаў шмат прапановаў аб паляпшэньні назіраньня за выбарамі. Сярод іншага, заахвоціў больш эфэктыўна карыстацца досьведам назіральнікаў у канфліктных сытуацыях. Праваабаронца лічыць, што патрэбны дапаможнік, у якім такія сытуацыі былі б змадэляваныя, і назіральнік разумеў бы, як сябе паводзіць.
Выступае Павал Левінаў
Эмацыйным быў выступ Алены Янушкоўскай. Яна ня першы раз удзельнічае ў назіраньні, але нават у яе сёлетняя кампанія выклікала шок. Актывістку вельмі абурае той факт, што пададзеныя назіральнікамі скаргі з зафіксаванымі парушэньнямі ігнаруюцца ўладамі, ня маюць аніякай законнай сілы і не ўплываюць на хаду выбараў.
Падсумоўваючы, Вольга Быкоўская паабяцала, што пададзеныя ўдзельнікамі сустрэчы прапановы будуць прааналізаваныя і па магчымасьці скарыстаныя ў наступных выбарчых кампаніях.
С. Горкі