Пра сытуацыю з галасаваньнем на 4-м выбарчым участку акругі №19 расказаў назіральнік Леанід Сьвецік.
Паводле афіцыйных лічбаў, на гэтым участку з 787 выбаршчыкаў прагаласавала 679 чалавек. Яўка склала 86,3%. Па вэрсіі УВК, пераважная большасьць выбаршчыкаў аддала свае галасы кандыдатцы Сьвятлане Горваль – 518 галасоў (або 76%!).
«На мой погляд і з вышыні свайго досьведу назіраньня, дадзеная лічба супярэчыць усім статыстычным законам матэматыкі, чалавечай псыхалёгіі і здароваму сэнсу», – кажа назіральнік Леанід Сьвецік.
Расказвае, што для фатаграфаваньня старшыня камісіі вылучыў месца на адлегласьці аж 15 мэтраў ад месца падліку галасоў.
«Фармальна ён меў рацыю, але па сутнасьці – гэта вычварны зьдзек. Фактычна гэта было ня месца для фотаздымкаў, а рэзэрвацыя, адмыслова падрыхтаваная для «прынцыпу адкрытасьці і галоснасьці», які мусіў бы спадарожнічаць сапраўды дэмакратычнаму волевыяўленьню выбаршчыкаў!» – заўважае назіральнік.
«На гэтым участку я назіраю ўжо чацьвёртыя выбары запар. І магу канстатаваць, што якасьць працы выбарчай камісіі ад выбараў да выбараў усё больш аддаляецца ад патрабаваньняў дзейнага выбарчага заканадаўства. І гэта яшчэ больш пераконвае мяне, што верыць вынікам галасаваньня, якія агучваюцца ў канцы падліку галасоў на гэтым участку, нельга», – падсумаваў Леанід Сьвецік.
Лявон Яфрэменка