Зьміцер, 38 гадоў:
Гэта ўжо другія выбары, у якіх я ўдзельнічаю. Раней я быў апалітычным чалавекам. Але ж з узростам пачаў разумець, што нельга быць апалітычным у такой краіне, як наша. Не цікавіцца палітыкай можна дзе-небудзь у Швэцыі, Нарвэгіі, Нямеччыне – там, дзе ўсё ўпарадкавана, дзе палітычная сыстэма працуе сама празь сябе. Там можна дазволіць сабе раскошу быць па-за палітыкай. У нашай жа краіне трэба абавязкова браць удзел у выбарах. Быць апалітычным тут – значыць быць саўдзельнікам ці сьведкам злачынства і маўчаць. Але ж нароўні з апалітычнай часткай насельніцтва ёсьць у нас і людзі, якія сьвята вераць, што тут нельга нічога зьмяніць. Ёсьць шмат тых, хто проста напалоханыя і падпарадкоўваюцца волі ўлады.
Зь іншага боку, ведаючы, як галасуюць мае знаёмцы ды суседзі, я магу сьцьвярджаць: ну ня могуць быць тыя працэнты, што агучвае Цэнтарвыбаркам. Ёсьць, вядома, у нашага «сонцападобнага» свой электарат: пэнсіянэры, «жэншчыны»... Ня надта разьбіраючыся ў палітыцы, гэтыя людзі робяць свой выбар зусім не галавой. Гэта моладзь, каб разабрацца, можа гадзінамі сядзець у сеціве, а людзі сталага веку запраграмаваныя на іншую сыстэму паводзінаў. Пэнсіянэры, простыя рабочыя ня будуць гэтым займацца. І, натуральна, яны абапіраюцца на тую інфармацыю, што прапануе ім тэлебачаньне, або якую пачулі ад кагосьці.
Дарэчы, я маю прапанову, але ня ведаю, наколькі яна зьдзяйсьняльная. Мабыць, гэта нехта пісьменна аформіць. На галасаваньне я пайду. І паколькі мы жывём у 21 стагодзьдзі, я зраблю гэткае сэлфі, як тое модна сярод моладзі: сфатаграфую сваім мабільным тэлефонам мой пашпарт, мой бюлетэнь. І пасьля, калі такіх, як я, будзе шмат, можна будзе ўсё гэта выкласьці ў сацыяльныя сеткі ці арганізаваць масавую віншавальную паштоўку спадарыні Ярмошынай. Я ня думаю, што трэба гэтага палохацца. Гэткую ідэю я даўно выношваў, і таму зараз яе прапаную. Мяркую, што нейкая частка народу здольная зрабіць гэткі ўчынак.
Эдуард, пэнсіянэр:
Я палітыкай ня надта цікаўлюся, аднак на выбары схаджу – а чаму б не? Раней я галасаваў за Пазьняка. Але ж, што тычыцца Ўкраіны – яны там ... бліжэй да Эўропы, я згодны. Ні за каго не пайду галасаваць... Паеду ў Амэрыку – у мяне там сястра. Гэты... палітыку Машэрава вядзе, а Пазьняк палез голы на браню. На пэнсіі першы год, а хіба на яе жыць можна?
Уладзімер, 18 гадоў:
Ня той цяпер час, каб камэнтары адносна выбараў даваць. Вы самі ўявіце: у мяне сям'я, яе карміць трэба, дзіця малое. Я працую ў фірме, не лайдак, але ж ці магчыма прыстойна існаваць на чатыры мільёны рублёў? За дзейнага прэзыдэнта галасаваць адназначна ня буду. Я падпісаўся быў за Караткевіч. Мабыць, за яе і прагаласую.
Марыя, 55 гадоў, працуе:
А чаму не пайду? Абавязкова пайду. Прагаласую за Аляксандра Рыгоравіча. Дзякуй Богу: спакойна, у краіне парадак, не страляюць, як ва Ўкраіне. Я ўжо на пэнсіі, але ж магу працаваць, пакуль ёсьць сілы. Ніхто мяне не выганяе. Мяне ўсё задавальняе. І ў дзяцей маіх усё добра. Галасаваць буду толькі за Лукашэнку, няхай дае яму Бог здароўя.
Аркадзь, 17 гадоў, скончыў школу, паступіў ва ўнівэрсытэт:
У верасьні мне спаўняецца васемнаццаць гадоў – і гэта будуць мае першыя выбары. Хутчэй за ўсё, на гэтых выбарах нічога ня зьменіцца. Хаця хацелася б, каб былі перамены. Асабіста я буду галасаваць за Тацьцяну Караткевіч. Некаторыя мае сябры ня будуць наогул браць удзел у выбарах, але я зь іх пазыцыяй нязгодны. Бальшыня думае, што вынікі вядомыя загадзя, і нічога зьмяніць нельга. А як жа тады быць з асабістай грамадзянскай пазыцыяй?
Раіса, пэнсіянэрка:
Былі часы, калі я паперку кідала замест бюлетэня, за што мяне хацелі здаць у міліцыю. А на гэтых выбарах галасаваць няма за каго, хіба што за Караткевіч. Ці пайду на выбары – будзе бачна з той сытуацыі, якая складзецца на момант галасаваньня.
Ян, пэнсіянэр:
На спэктакль пад назвай «выбары», якія ладзіць незаконна абраны на пасаду прэзыдэнта Беларусі Лукашэнка, я не пайду, бо сумленных выбараў у нас няма. У беларускім «улусе» кіруе маскоўскі намесьнік. Панішчыўшы парасткі нацыянальнай дэмакратыі, Лукашэнка дзейнічае ў інтарэсах Расейскай імпэрыі, руйнуючы ўсе беларускае: гісторыю, мову, культуру. Я ніколі ня буду галасаваць за дыктатуру, за мафіёзную сям'ю і за здраднікаў, якія служаць чужой дзяржаве.