Ляпёшкіна: бюлетэні – пад пільнай аховай
Старшыня Віцебскай выбарчай камісіі Натальля Ляпёшкіна паведаміла, што ўсё гатова для волевыяўленьня жыхароў гораду.
Выбарчыя ўчасткі матэрыяльна забясьпечаныя ўсім неабходным для арганізацыі працэсу галасаваньня. Выбарчыя камісіі знаходзяцца ў рабочым стане. Бюлетэні ў неабходнай колькасьці завезеныя на выбарчыя ўчасткі і знаходзяцца пад пільнай аховай супрацоўнікаў міліцыі.
Заяц зьняўся, Кузьмін зьвярнуўся ў пракуратуру
Стала таксама вядома, што кандыдат у дэпутаты па Моладзевай выбарчай акрузе №29 Дзяніс Заяц, які быў зарэгістраваны ад Камуністычнай партыі Беларусі, адмовіўся ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Як патлумачыў сам Дзяніс Заяц, ён зьняў сваю кандыдатуру з прычыны пераезду на сталае месца жыхарства ў іншую вобласьць Беларусі па сямейных абставінах.
Наогул, скаргаў ад кандыдатаў на дзеяньні гарадзкой выбарчай камісіі амаль не было. Але выключэньнем стаў скандал, які разгарэўся вакол кандыдата ў дэпутаты ад партыі левых “Справядлівы сьвет” па Смаленскай выбарчай акрузе №7 Вадзіма Кузьміна.
З падачы выбарчых камісій у гарадзкой газэце “Віцьбічы” былі распаўсюджаныя непраўдзівыя зьвесткі аб наяўнасьці ў кандыдата судзімасьці. Каб выправіць прыкрую памылку, Вадзім Кузьмін зьвярнуўся ў гарадзкую пракуратуру. Прымаючы скаргу, супрацоўнікі пракуратуры згадзіліся з заяўнікам, што інфармацыя ў газэце пададзеная як мінімум некарэктна. Паабяцалі апэратыўна разабрацца.
Адзначым, што падобны інцыдэнт з апублікаваньнем у дзяржаўных СМІ непраўдзівых зьвестак зь біяграфіі Вадзіма Кузьміна здарыўся і на мінулых выбарах у гарсавет чатыры гады таму.
Ці спраўдзіцца прагноз?..
Трэба адзначыць, што выбарчая кампанія ў Віцебску праходзіла ціха і незаўважна. У пэрыяд агітацыі кандыдаты і іх давераныя асобы, за рэдкім выключэньнем, не праводзілі вулічныя масавыя мерапрыемствы, аддаючы перавагу нудным і неэфэктыўным сустрэчам з выбарцамі ў арганізацыях і прадпрыемствах.
Заўважым, што найчасьцей сустрэчамі ў працоўных калектывах “грашылі” 40 кандыдатаў у гарадзкі Савет дэпутатаў, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў і ад працоўных калектываў.
Можна спрагназаваць, што акурат гэтыя сорак прэтэндэнтаў на мандаты “народных прадстаўнікоў” і стануць дэпутатамі Віцебскага гарсавету 28-га скліканьня. Наколкі гэтая здагадка апынецца палітычнай рэальнасьцю, даведаемся ўжо хутка – ранкам 19 лютага, калі Віцебская гарадзкая выбарчая камісія падлічыць галасы і абвесьціць вынікі галасаваньня.
Леанід Сьвецік, назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”