Нядзеля, 11 Верасень 2016

Назіральніка пазбавілі акрэдытацыі з-за скаргі наконт выдачы бюлетэня грамадзянцы Расеі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Назіральнік ад БХК Юры Бельскі падаў у камісію скаргу на тое, што жыхарцы  Полацку выдалі бюлетэнь для галасаваньня, хаця яна не зьяўляецца грамадзянкай Беларусі.

“Падобна, што сьпісы выбаршчыкаў у нас зьвяраюць праз пытаньне: “Ці тут вы пражываеце?” Інакш не зразумела,  чаму грамадзянка суседняй дзяржавы трапіла ў сьпіс для галасаваньня. Калі б яна мела хаця б пасьведчаньне на жыхарства, то гэта дае ёй права браць удзел у мясцовых выбарах. Можна было б уявіць, што нехта памыліўся, правяраючы сьпісы. Аднак у яе было толькі пасьведчаньне пра рэгістрацыю… Я заўважыў, што бюлетэнь ёй выдалі па расейскім пашпарце, а потым спраўдзіў: так і ёсьць, галасаваць яна ня мае права. Пакуль мы разьбіраліся  са спадарыняй і камісіяй, у спрэчках прайшло нямала часу. А потым участковая камісія разгледзела маю скаргу. Давялося прызнаць, што скарга небеспадстаўная. Але тут жа зьявілася скарга і на мяне – наконт таго, што замінаю працы камісіі. На гэтай падставе мяне выдалілі з назіраньня на 28-м участку 27-й выбарачай акругі ў Полацку”, – кажа цяпер ужо былы назіральнік Юры  Бельскі.

Ён згадвае, што парушэньні выбарчага заканадаўства на гэтым участку дапускаліся  яшчэ з таго часу, як ён прыйшоў рэгістравацца. Сакратарка участковай камісіі заявіла яму, што патрэбны сшытак знаходзіцца не на ўчастку, а ў старшыні камісіі, і прапанавала пайсьці да яго на працу, каб зарэгістравацца назіральнікам.

spring96.org