Абедзьве скаргі не былі задаволеныя.
Так, падчас разгляду скаргі незалежнага кандыдата з Наваполацку Мікалая Манохіна, які вылучаўся ў дэпутаты праз збор подпісаў па Наваполацкай выбарчай акрузе №24, судом было выяўлена, што прэтэндэнт дапусьціў шэраг парушэньняў дзейнага заканадаўства. Судзьдзя Аляксандар Федзюкевіч пагадзіўся зь меркаваньнем акруговай выбарчай і Віцебскай абласной выбарчай камісіяў, што Мікалай Сяргеевіч у дэклярацыі пра даходы і маёмасьць не пазначыў зьвестак пра наяўнасьць дзелі ў статутным фондзе ПГУП «Наватэх», а падчас праверкі камісіяй подпісаў выбаршчыкаў ёю было выяўлена больш за 20% несапраўдных.
Судзьдзя палічыў, што ўсе гэтыя факты маюць дакумэнтальнае пацьверджаньне і зьяўляюцца істотнымі і законнымі для адмовы спадару Манохіну ў рэгістрацыі ў якасьці кандыдата ў дэпутаты.
Праўда, судом не была ўзятая пад увагу тая акалічнасьць, што фірма «Наватэх» з 2011 году знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі. А калі так, уладальнік дзелі ў статутным фондзе прадпрыемства мае законнае права не пазначаць у дэклярацыі наяўнасьці ягоных акцыяў.
Мікалай Манохін таксама прадставіў суду важкія аргумэнты ў падтрымку таго, што выпраўленьні і апіскі ў падпісных аркушах не замінаюць ідэнтыфікаваць асобы выбаршчыкаў, а, значыць, подпісы гэтых падпісантаў нельга лічыць несапраўднымі.
Манохин зьвярнуў увагу судзьдзі на тое, што акруговая камісія, адбіраючы для праверкі падпісныя аркушы, адабрала толькі тыя аркушы, у якіх была вялікая колькасьць выпраўленьняў у дадзеных выбаршчыкаў. Такі адбор падпісных аркушаў Мікалай палічыў праявай прадузятасьці ў дачыненьні да яго з боку акруговай камісіі. На думку няўдалага кандыдата ў дэпутаты, менавіта маніпуляцыі з адборам падпісных аркушаў сталі адной з прычынаў адмовы яму ў рэгістрацыі. Аднак усе гэтыя довады суд ня ўзяў пад увагу.
Рашэньне судзьдзі неадкладна набыло законную моц і абскарджаньню ці апратэставаньню ў касацыйным парадку не падлягае. Такім чынам, Мікалай Манохін канчаткова выбыў з выбарчай гонкі. Цяпер ён мае доўгія чатыры гады, каб прааналізаваць свае памылкі, падабраць надзейную і адказную каманду зборшчыкаў подпісаў і ў 2020 годзе яшчэ раз паспрабаваць штурмам захапіць фатэль дэпутата беларускага парлямэнту.