Аўторак, 28 Чэрвень 2016

Фармаваньне віцебскіх тэрытарыяльнай і акруговых камісіяў прайшло безь нечаканасьцяў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Увечары 27 чэрвеня на сумесным паседжаньні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту і Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў была сфармаваная Віцебская абласная выбарчая камісіі па выбарах дэпутатаў у беларускі парлямэнт. Разам з тэрытарыяльнай камісіяй таксама былі сфармаваныя 14 акруговых выбарчых камісіяў.

У кожнай камісіі будуць працаваць 13 сябраў - максымальная колькасьць, якую дазваляе дзейнае выбарчае заканадаўства.

У склад камісіяў увайшлі прадстаўнікі палітычных партыяў, грамадзкіх аб'яднаньняў, прадстаўнікі працоўных калектываў і груп выбаршчыкаў.

На жаль, непасрэдна прадстаўнікоў палітычных партыяў, якія паводле лёгікі павінны быць асноўнымі суб'ектамі палітычнай кампаніі, аказаліся мінімальна прадстаўленыя ў камісіях. Прыклад, са 195 сябраў камісіяў партыя левых «Справядлівы сьвет» і партыя БНФ будуць прадстаўленыя кожная толькі адным сябрам, а Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці чатырма прадстаўнікамі. Хоць партыі адказна падышлі да адбору кандыдатаў у сябры камісіяў, улады зь нейкіх вядомых толькі ім прычын вырашылі масава не дапусьціць партыйцаў у камісіі.

А вось усе астатнія грамадзкія аб'яднаньні, якія да палітыкі ня маюць нават ускоснага дачыненьня, на думку чыноўнікаў ад выканкаму і Савету павінны атрымаць максымальнае прадстаўніцтва ў камісіях. Практычна ўсе кандыдаты ў камісіі ад такіх грамадзкіх аб'яднаньняў, як «Чырвонай крыж», БРСМ, вэтэранаў, «Беларускі саюз жанчын», «Фонд міру» і іншых былі пакліканыя ўладамі да працы на выбарах.

Ёсьць малапрыкметныя зьмены ў фармаваньні акруговых камісіяў. Так, памяншылася доля прадстаўнікоў працоўных калектываў ва ўсіх акруговых камісіях, а ў шасьці сельскіх акругах прадстаўнікі працоўных калектываў наогул адсутнічаюць. Адмовіўшыся ад прадстаўнікоў працоўных калектываў, улады перастрахаваліся - празь цяжкую эканамічную сытуацыю вяскоўцы могуць выйсьці з-пад кантролю і паламаць увесь сцэнар выбарчай кампаніі.

Аднак у цэлым фармаваньне камісіяў прайшло ў штатным рэжыме, у камісіях апынуліся ўсе загадзя ўзгодненыя і правераныя людзі, якія праз тры месяцы дадуць патрэбны вынік.