Зварот Дзяржаўцава ў КПЧ тычыўся прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Зьяўляючыся пасьлядоўным прыхільнікам байкоту выбараў у Беларусі, актывіст выйшаў да «Сіняга дому» з плякатам, у якім заклікаў месьцічаў устрымацца ад удзелу у маючых адбыцца выбарах. Разам зь ім у акцыі ўзяў удзел вядомы ў Віцебску беспартыйны апазыцыянэр Барыс Хамайда, які таксама перакананы, што пасьля зьмены Канстытуцыі 1994 году ў Беларусі няма легітымнай улады, і што ўсе выбары, якія праводзяцца ў краіне з таго часу, ёсьць нічым большым, як фарсам.
Абодва ўдзельнікі пікету былі затрыманыя міліцыяй, на іх склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні, і ў той самы дзень судзьдзя суду Чыгуначнага раёну Віцебску Алена Цыганкова пастанавіла, што апазыцыянэры сапраўды парушылі заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Барыс Хамайда быў пакараны пяцьцю суткамі адміністрацыйнага арышту, а Ян Дзяржаўцаў аштрафаваны на 10 базавых велічынь (тады гэта складала 350 тысяч рублёў).
Рашэньне судзьдзі Цыганковай пасьля было абскарджанае ў Віцебскім абласным і Вярхоўным судох, але, як звычайна, гэта не дало плёну: вышэйшыя судовыя інстанцыі пагадзіліся са слушнасьцю пакараньня апазыцыянэраў, бо тыя ня мелі дазволу на акцыю і ладзілі яе ў месцы, якое ня значыцца ў сьпісе пляцовак, адмыслова адведзеных мясцовымі ўладамі пад масавыя мерапрыемствы.
Камітэт па правох чалавека, атрымаўшы скаргу Яна Дзяржаўцава, паспрабаваў быў атрымаць камэнтар дзяржавы наконт яго справы. Аднак – і гэткія паводзіны сталіся нормай для беларускіх чыноўнікаў апошнім часам – улады адмовіліся ад супрацы з КПЧ. Маўляў, скаржнік ня выкарыстаў усіх сродкаў прававой абароны ўнутры краіны, бо, апроч іншага, не зьвярнуўся з нагляднай скаргай да старшыні Вярхоўнага суду; таму КПЧ не павінен быў прымаць яго скаргу да разгляду, і дзяржава адмаўляецца камэнтаваць яе па сутнасьці.
У выніку камітэту давялося нагадаць уладам Беларусі, што калі дзяржава далучылася да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох і Факультатыўнага пратаколу да яго, яна ўзяла на сябе забавязаньне прызнаваць кампэтэнцыю КПЧ прымаць да разгляду індывідуальныя паведамленьні грамадзян, якія сьцьвярджаюць, што яны сталі ахвярамі парушэньня іх правоў. І гэта прэрагатыва камітэту, а не дзяржавы, вызначаць, якія паведамленьні грамадзян павінны быць зарэгістраваныя, а якія – не.
Паколькі чыноўнікі Беларусі адмовіліся супрацоўнічаць з КПЧ, апошні вымушаны быў прымаць рашэньне па справе, грунтуючыся толькі на падставе фактаў, прыведзеных Янам Дзяржаўцавым, і копіяў дакумэнтаў, якія ён далучыў да свайго паведамленьня.
Выснова, да якой прыйшоў камітэт: дзяржава парушыла правы апазыцыйнага актывіста, якія забясьпечваюцца часткай 2 артыкулу 19 пакту (права публічна выказваць сваё меркаваньне) і артыкулам 21 (права на мірныя сходы).
Цяпер, згодна з рашэньнем КПЧ, Беларусь абавязаныя пакрыць Яну Дзяржаўцаву ўсе панесеныя ім страты, а таксама зрабіць захады, каб прадухіліць падобныя парушэньні правоў грамадзян у будучыні, для чаго неабходна перагледзець сваё заканадаўства, у прыватнасьці Закон «Аб масавых мерапрыемствах».