Аўторак, 31 Сакавік 2020

Вольгу Жураўскую аштрафавалі на 810 рублёў за спробу зьняць відэа пра каронавірус

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Вольга Жураўская на судзе. Фота: racyja.com Вольга Жураўская на судзе. Фота: racyja.com

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 30 сакавіка адбыўся працэс па справе, распачатай з ініцыятывы лекара, які праводзіў прыём у віцебскім тубэркулёзным дыспансэры, паведамляе служба маніторынгу «Беларускай асацыяцыі журналістаў».

Доктар паскардзіўся ў міліцыю на Вольгу Жураўскую, стваральніцу відэаблога «Снимать разрешено», якая рабіла відэаздымкі ў мэдычнай установе.

Судзьдзя Ўладзімер Царыкаў аштрафаваў Вольгу Жураўскую на 30 базавых велічынь (810 рублёў) паводле артыкула 17.1 КаАП – за хуліганства.

Паводле словаў блогеркі, яна прывяла ў дыспансэр свайго сына, каб у яго ўзялі аналіз на каронавірус. Хацела зьняць гэты працэс на відэа, бо да таго мела нэгатыўны досьвед стасункаў зь лекарамі, якія, на яе думку, ня цалкам выконвалі свае прафэсійныя абавязкі. Апроч таго, яна плянавала распытаць лекара пра меры засьцярогі ў цяперашніх умовах, папрасіць у яго парадаў для насельніцтва.

Мэдыкі вырашылі, што здымкі замінаюць іхняй працы і выклікалі міліцыю. Пра ўсё гэта распавядаецца ў відэароліку, апублікаваным 16 сакавіка.

Пасьля суду Вольга Жураўская каля свайго дому была затрыманая міліцыянтамі і дастаўленая ў аддзяленьне, дзе ў яе бралі тлумачэньні ў зьвязку ўжо зь іншай, крымінальнай, справай, заведзенай супраць яе.

Як паведаміў Telegram-канале «Витебск Для Жизни Chat», Жураўскую адпусьцілі зь міліцыі дамоў у той жа дзень каля 17-й гадзіны.

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.