Суд першай інстанцыі супраць журналістаў, рашэньне якога абскарджвалася, адбываўся ў Глыбокім 11 чэрвеня. Зьміцер Лупач быў аштрафаваны на 35 базавых велічынь, а Тацяна Смоткіна – на 45. Судзьдзя Людміла Вашчанка прызнала іх вінаватымі паводле часткі 2 артыкулу 22.9 КаАП (незаконны выраб і/або распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі). Падставай сталі сюжэты, апублікаваныя на Радыё Рацыя і тэлеканале Белсат.
Даючы ў аблсудзе тлумачэньне наконт сваёй скаргі, Зьміцер Лупач заявіў, што яго адміністрацыйная справа павінна быць або цалкам спыненая, або адпраўленая на новы разгляд, бо пратаколы, якія фігуруюць у ёй, зьмяшчаюць відавочныя памылкі. Так, у пратаколе пазначана, што ён здымаў матэрыял для сюжэту «Чаму міліцыя зьбівае пэнсіянэраў» 13 красавіка. Хоць насамрэч здымкі рабіліся 19 красавіка. У пацьверджаньне сваіх словаў журналіст падаў для параўнаньня скрыншоты зь відэасюжэту і фатаграфіі, зробленыя 11 красавіка. На іх было выразна відаць адрозьненьне ў лістоце дрэваў.
Больш таго, Зьміцер заявіў, што 11 красавіка ён наогул быў у Менску. І папрасіў суд запатрабаваць у мабільнага апэратара дадзеныя пра яго перасоўваньне, бо яму, як фізычнай асобе, апэратар адмовіў даць такую інфармацыю. На просьбу журналіста судзьдзя ня зьвярнула ўвагі.
Выслухаўшы довады Зьмітра Лупача, судзьдзя Смалякова вынесла рашэньне спагнаньне для яго пакінуць ранейшым. Затое зьмяніла памер штрафу для Тацяны Смоткінай – з 45-ці базавых велічынь да 35-ці.
Сытуацыю, што склалася вакол журналістаў, пракамэнтаваў віцебскі праваабаронца Павал Левінаў, які прысутнічаў на судовым паседжаньні:
«Сыстэма працуе. Сыстэма працуе спраўна. Сыстэма спраўна змагаецца з журналістамі. І судзьдзя разумее, і акалічныя разумеюць, і вышэйстаячыя інстанцыі разумеюць, што яны робяць і з чым яны змагаюцца. Але, на жаль, унутры краіны перамагчы гэтую сыстэму немагчыма. Таму я ўпэўнены, што і Тацяна Смоткіна, і Зьміцер Лупач пададуць чарговыя індывідуальныя паведамленьні ў камітэт ААН па правох чалавека, які зможа даць прававую ацэнку дзеяньням беларускіх уладаў».
Уладзімер Бяляўскі