Карэспандэнт ВВ сустрэўся са спадаром Пастновым, каб высьветліць падрабязнасьці агучанай ім інфармацыі.
Ігар, распавядзі нашым чытачам пра акалічнасьці таго, што здарылася 18 траўня.
18 траўня апоўдні наўпрост на працу прыйшлі двое ў цывільным. Спачатку я падумаў, што гэта мае пацыенты, і адзін прывёў другога на ЛПП. Калі даведаўся, што прыйшлі да мяне па іншай справе, запрасіў у габінэт. Маладзейшы аказаўся інспэктарам аддзелу па грамадзкай бяспецы абласнога МУС, другі, старэйшы, – ягоны калега, але з упраўленьня па раскрыцьці злачынстваў у сфэры высокіх тэхналёгіяў.
Прадстаўнікі абласнога МУС заявілі, што ў дачыненьні да мяне распачатая праверка адносна распаўсюду недакладнай або наўмысна скажонай інфармацыі, здольнай нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь.
Яны сказалі, што маюць на руках пастанову пракурора вобласьці Вадзіма Сушчынскага на правядзеньне ператрусу ў маёй кватэры. Цікава, але якраз год таму ў траўні праваахоўнікі ўжо праводзілі ў мяне падобны ператрус. Цыклічнасьць нейкая ў паводзінах назіраецца. Мяне прывезьлі дадому і ў якасьці панятых запрасілі тых самых асобаў, якія былі падчас ператрусу 19 траўня 2017 году. Дэжавю нейкае!
Але ж гэта бязглузьдзіца – шукаць у маёй кватэры кампутар, якога там няма. Няўжо цэлае ўпраўленьне ня ў стане вызначыць па IP-адрасе месца разьмяшчэньня кампутара, зь якога адпраўляліся матэрыялы. Тым больш, што я не хаваю сваёй датычнасьці да адпраўленьня інфармацыю з кампутара прававога аддзелу абласной бібліятэкі. Нягледзячы на гэта, мне было заяўлена, што яны будуць шукаць у кватэры сьляды злачынства.
Пасьля ператрусу мяне завезьлі на працу, але на пятую гадзіну выклікалі ў аддзел грамадзкай бясьпекі абласнога ўпраўленьня МУС. Ва ўпраўленьні мяне запыталі, ці ня я пісаў звароты ў замежныя амбасады. Калі ня я, то абяцалі справу на тым і скончыць. Маўляў, вас падставілі, і віны вашай у тым няма.
Я запэўніў, што гэта мая работа, што зьбіраюся пісаць і ў далейшым, бо тое прававое бязьмежжа, якое пануе ў краіне, трэба спыняць.
Ты вядомы як чалавек, які ня першы год крытыкуе віцебскія ўлады. Што з твайго меркаваньня стала той апошняй кропляй, якая перапоўніла чару іхнага цярпеньня і справакавала такія дзеяньні ў адносінах да цябе?
Падставай да гэткага кшталту захадаў сталі мае апошнія публікацыі ў сацыяльных сетках, але найперш мае звароты ў амбасады Злучаных Штатаў, Вялікай Брытаніі, Летувы, іншых краін Захаду, а таксама АБСЭ. У сваіх зваротах я напісаў, што ў Рэспубліцы Беларусь усталявалася адна з самых крывавых і жорсткіх дыктатураў у сьвеце. Зважаючы на гэта, як можна зь ёй супрацоўнічаць і сядаць за стол перамоваў?
Свае словы падмацаваў канкрэтнымі фактамі. Ва ўмовах поўнага зьнішчэньня ў краіне апазыцыі і іншадумства карупцыя ў Беларусі стала дзяржаўнай палітыкай. Калі ва Ўкраіне некалькі вялікіх карупцыйных кланаў, якія змагаюцца між сабой, то на Беларусі – адзін алігарх, адна сям'я, якая трымае ўсё. І ніякай табе канкурэнцыі.
І пра якія факты ты пісаў у сваіх публікацыях, што яны гэтак разьюшылі ўлады, і яны пачалі псыхалягічны ціск супраць цябе?
Напісаў пра Віцебскую гарбарню, якая ня сёньня заўтра адкрыецца. Гарбарня месьціцца ў межах гораду, на беразе Дзьвіны – гэта экалягічная катастрофа. Кожны вучань з падручніка хіміі можа даведацца, што гарбарная вытворчасьць – адна з самых брудных і небясьпечных. А ва ўмовах адсутнасьці канкурэнцыі і свабоды слова ніякага кантролю за экалягічным станам навакольнага асяродзьдзя ня будзе. І як зазвычай бывае, такія прыклады мы ведаем, увесь бруд пацячэ ў Дзьвіну. Я перакананы, паўнавартаснай ачысткі ня будзе, зноў будуць эканоміць.
Той самы Аляксандар Косінец, які цяпер зьяўляецца дарадцам прэзыдэнта па інвэстыцыях, у час свайго губэрнатарства закупіў для «Віцебскдрэву» заведама нягоднае абсталяваньне без ачышчальных збудаваньняў.
Вядома, Лукашэнка – гэта не Садам Хусэйн. Ён ня нішчыць народ хімічнай зброяй, але ўвесь гэты гарбарны Чарнобыль, які вось-вось адкрыецца, можа прывесьці да тых самых наступстваў, што і хімічная атака. Маё перакананьне базуецца на тым, што пракуратура сваіх абавязкаў не выконвае і на звароты грамадзянаў не рэагуе, а экалягічных партыяў у нас няма. І хто тады будзе рэагаваць на пагаршэньне экалягічнай сытуацыі? Падкантрольныя ўладзе прыродаахоўныя арганізацыі?
Я толькі хачу сказаць адно: нельга рабіць у межах гораду гарбарню. У цывілізаваным сьвеце такія вытворчасьці будуюцца далёка ад буйных цэнтраў.
Што адбываецца? Замест праверкі дзейнасьці пракурора Віцебскай вобласьці, на якога я не аднойчы скардзіўся, пачынаюць правяраць мяне. Можаце сабе ўявіць цынізм сёньняшніх уладаў: спраўджваць дакладнасьць маіх скаргаў на кіраўніка абласной пракуратуры будзе ягоны колішні першы намесьнік Леў Кім, які цяпер узначальвае ў Генпракуратуры ўпраўленьне ўласнай бясьпекі. Ну хіба гэта ня зьдзек? Таму я і зьвярнуўся ў структуры заходніх краінаў, бо нічога іншага не застаецца.
Што тычыцца маіх абвінавачваньняў у бок Вадзіма Сушчынскага, то я перадаў ім флэшку з канкрэтнымі прыкладамі злоўжываньня ім службовым становішчам.
На пытаньне «А што Вы маеце супраць Аляксандра Косінца?» я сказаў, што чалавека, які разваліў усё, што толькі можна было разваліць у вобласьці, прызначаюць дарадцам прэзыдэнта па інвэстыцыях. Дык што ў нас тады тут адбываецца?
Былі яшчэ пытаньні. На ўсе я адказаў.
Ігар, ты сапраўды валодаеш нейкімі дзяржаўнымі таямніцамі, якія выдаў?
Ніякіх таямніц я ня выдаў. Агучаная мной інфармацыя ўсім тутэйшым вядомая. Казаў пра гаротны стан нашых людзей, узьняў пытаньне сацыяльных ільготаў.
Аказваецца, у рэабілітацыйным цэнтры Крупеніна, што пад Віцебскам, кожны з нас пры наяўнасьці нейкага хранічнага захворваньня можа абсалютна бясплатна прайсьці курс аздараўленьня. Але ж ніхто пра гэта ня ведае. Ня ведае і пра тое, як адбываецца разьмеркаваньне пуцёвак. Мой знаёмец трапіў туды толькі пасьля таго, як мы зьвярнуліся непасрэдна да галоўнага ўрача Ўладзімера Арэхвы. Дык вось, я стаўлю пытаньне рубам: «Чаму грамадзяне, маючы магчымасьць прайсьці законную рэабілітацыю, ня могуць ёй скарыстацца?» І гэта пры наяўнасьці вольных месцаў. Цэнтру больш прыбыткова запрасіць на адпачынак людзей з Расеі, чым аздаравіць сваіх. Адпачыць за грошы ў Крупеніне можа дазволіць сабе нават расейская прыбіральшчыца, якая атрымлівае 30 тысячаў рублёў. На гэтым тле выходзіць, што ва ўласнай краіне беларусы ператварыліся ў нейкіх гастарбайтэраў.
Калі мы будзем маўчаць, карумпаваная ўлада ніколі ня пойдзе на перамены, не аддасьць пад народны кантроль гэта разьмеркавальнае карыта. На маё перакананьне, бюджэтныя грошы, якія выкарыстоўваюцца па жаданьні мэдычных функцыянэраў, мусяць быць перададзеныя людзям – непасрэдна ў рукі ў выглядзе сэртыфікатаў. А ўжо хай сам чалавек занясе іх у тую ці іншую мэдычную ўстанову, таму ці іншаму лекару. І ўсё будзе па справядлівасьці. Цяпер жа ў нас у мэдыцыне прыгоннае права, пабудаванае карумпаваным чынавенствам.
С. Горкі