Чацвер, 07 Снежань 2017

Да Кастуся Шыталя прыйшла міліцыя браць паказаньні супраць калегі-журналіста

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Кастусь Шыталь Кастусь Шыталь

Да блогера і грамадзкага актывіста з Параф’янава Докшыцкага раёну Кастуся Шыталя 7 сьнежня наведалася міліцыя. Капітан міліцыі з Докшыцкага РАУС зьбіраў зьвесткі наконт незалежнага журналіста з Глыбокага Зьмітра Лупача.

Міліцыянт паказаў фотаздымак Лупача і паведаміў, што на  журналіста складаецца адміністрацыйная справа. У гутарцы згадаў пра ролік на YouTube тэлеканалу “Белсат” пра збор подпісаў за прыпынак хуткаснага цягніка Менск-Полацак на станцыі Параф’янаў. Потым міліцыянт папрасіў Кастуся Шыталя апазнаць гэтага чалавека і прыгадаць, хто ў яго браў інтэрвію, калі ён зьбіраў подпісы ў жыхароў Параф’янава.

Паводле словаў Шыталя, міліцыянт паводзіўся карэктна, сказаў, што прыехаў апытаць яго ў якасьці сьведкі замест участковага маёра Сяргея Букаты, бо цяпер той знаходзіцца ў адпачынку. На гэта Кастусь адказаў, што ня памятае, у які дзень лістапада зьбіраў подпісы ў людзей на рынку і хто яго здымаў у той дзень таксама.

Як зазначае Шыталь, у якасьці сьведкаў міліцыянт зьбіраўся апытваць яшчэ двух герояў зь відэароліку, хоць у субтытрах прозьвішчы жыхароў не называюцца. Быў агульны подпіс: жыхары Параф’янава.

Зьміцер Лупач, калі даведаўся, што на яго міліцыянты зноў распачынаюць справу, сказаў так: “Няма ўжо ніякіх словаў! Аб адным  толькі  шкадую, што 23 сьнежня (дзень яго народзінаў) будзе субота, выходны дзень, бо прызначаць суд на дзень народзінаў для нашай улады стала завядзёнкай. Яна лічыць, што такім спосабам псуе настрой людзям, але для многіх гэта як і падарунак, бо бачна, што працуеш недарэмна, твая праца мае ўплыў”.

baj.by