Спадар Кузьмін сьцьвярджаў у сваёй заяве ў міліцыю, што яго абразілі. У інтэрнэце ў ліпені гэтага году зьявіўся артыкул пра дзейнасьць Свабоднага прафсаюзу на ААТ «Полацак-Шкловалакно», і там быў фотаздымак манэкена невядомага паходжаньня з надпісам «Силён Кузя отписки строчить». Чамусьці спадар Кузьмін вырашыў, што гэта яго абражае. Што менавіта абразіла – сам выгляд манэкена або надпіс на гэтым малюнку – засталося невядомым, і ў сваім звароце ў міліцыю ён гэта не пазначыў.
Участковы правёў апытаньне, папрасіў тлумачэньняў. Ён таксама не хаваў, што ня бачыць тут нічога супрацьзаконнага. Усе прэтэнзіі Кузьміна па-першае не па адрасе, па-другое – грубавата, але нічога абразьлівага тут няма, на што можна было б скардзіцца, і, па-трэцяе, публікацыя была ўжо 3 месяцы таму, і прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці за гэта беларускае заканадаўства не дазваляе, бо тэрміны ўжо прамінулі. Паводле словаў участковага, ён абавязаны адказаць на гэтую заяву дзеля таго, каб сьпісаць яе ў архіў. На гэтым размова скончылася.
Мікалай Шарах дадаў: «Гэты паклёп быў далучаны да вялікай заявы, накіраванай ад iмя прадпрыемства ААТ "Полацак-Шкловалакно" ў некалькі адрасоў, у тым ліку ў Сьледчы камітэт, у РАУС, у інспэкцыю працы, у КДБ, з просьбай прыцягнуць да адказнасьці першасную арганізацыю работнікаў прадпрыемства Свабоднага прафсаюзу Беларускага за арганізацыю незаконнага страйку. На той момант страйк судом яшчэ ня быў прызнаны незаконным. Але, імкнучыся нейкім чынам паўплываць на СПБ, ідэоляг ужо перабраў усе брудныя мэтады».
Аляксандар Марозаў