Субота, 23 Верасень 2017

За абразу судзьдзі ў сацыяльных сетках жыхару Віцебску пагражае да 3-х гадоў вязьніцы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Віцебску прад'явілі абвінавачаньне за абразу ў сацыяльных сетках судзьдзі. Здарэньне адбылося ў лістападзе мінулага году. Жыхар абласнога цэнтру зьмясьціў на сайце адной з тэматычных суполак, прысьвечаных Віцебску, тэкставы камэнтар, які «па сваім зьмесьце ўтрымлівае лінгвістычныя прыкметы абразы судзьдзі», інфармуе афіцыйная прадстаўніца УСК па Віцебскай вобласьці Сьвятлана Сахарава.

Сьледзтва прыйшло да высновы, што мужчына зрабіў гэта наўмысна, у сувязі з разглядам «канкрэтнай крымінальнай справы». Доступ да яго камэнтара мела неабмежаваная колькасьць карыстальнікаў. Да матэрыялаў справы далучылі вынікі лінгвістычнай экспэртызы і амбуляторнай судова-псыхіятрычнай экспэртызы. Крымінальная справа распачатая паводле артыкулу «абраза судзьдзі ў сувязі са зьдзяйсьненьнем ім правасудзьдзя» (арт. 391 КК).

Адзначаецца, што абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну. Мужчына тлумачыць свае дзеяньні тым, што судзьдзя раней двойчы разглядаў адміністрацыйныя справы і выносіў у адносінах да яго «суворае пакараньне». Абвінавачаны знаходзіцца пад падпіскай пра нявыезд. Матэрыялы крымінальнай справы ўжо перададзеныя пракурору і неўзабаве могуць зьявіцца ў судзе.

euroradio.fm