Юлію абвінавацілі ў непадпарадкаваньні міліцыі (арт. 23.4 КаАП), незаконным пранікненьні на аб'ект, які ахоўваецца (арт. 23.14 КаАП), а таксама ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі сродку масавай інфармацыі (ч. 2 арт. 22.9 КаАП).
Апошняе абвінавачаньне – самае недарэчнае. Гэта першы вядомы ў Беларусі выпадак, калі чалавека пакаралі за анлайн-трансьляцыю ў сацыяльнай сетцы.
Юлія не працуе журналістам, яна знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. Відэа яна запісала, каб прыцягнуць увагу гараджан да жудасных умоваў утрыманьня бяздомных жывёл у Воршы. І апублікавала яго на сваёй старонцы ў «Аднакласьніках». Яна ніколі не супрацоўнічала са СМІ і журналістам сябе не называла.
«21 сакавіка я і яшчэ шэсьць валянтэраў прыйшлі на аўтабазу, дзе ўтрымліваюцца бяздомныя сабакі, – распавядае Юлія Малышава. – Была інфармацыя, што там жудасныя ўмовы: жывёл утрымліваюць на двары, ня кормяць, ня лечаць, а самых хворых проста забіваюць камянямі і палкамі. Мы дайшлі да вальераў, убачылі там шэсьць сабак. Сталі іх паіць, карміць. Да нас падышлі супрацоўнікі аўтабазы, мы спыталі, чаму такое дрэннае ўтрыманьне, чаму хворых жывёл ня зьмесьцяць у памяшканьне, дзе таксама ёсьць вальеры. З гэтага моманту пачаліся праблемы».
Паводле словаў дзяўчыны, супрацоўнікі запатрабавалі, каб яны пакінулі тэрыторыю.
«Калі мы заходзілі, брама была адчыненая, вартаўнік нас прапусьціў, пытаньняў ня ўзьнікла, – патлумачыла Юлія. – Выганяць нас сталі, калі мы пачалі задаваць пытаньні. Мы тады папрасілі, каб нам паказалі дакумэнты, што гэта рэжымны аб'ект. Але супрацоўнікі аўтабазы выклікалі міліцыю».
Міліцыянты, якія прыбылі, паводле словаў Юліі, не адразу паказалі свае пасьведчаньні, хоць валянтэры прасілі іх пра гэта. На відэа фігуруе ўчастковы інспэктар Андрэй Тамашэвіч. Ён кажа Малышавай, каб тая спыніла відэаздымку: «Падчас вядзеньня адміністрацыйнага працэсу відэа-, аўдыёздымка забароненая».
Адзначым, што словы супрацоўніка міліцыі супярэчаць закону. Па-першае, адміністрацыйны працэс лічыцца пачатым з моманту афармленьня дакумэнтаў, а не на шчупакова казаньне і міліцэйскае хаценьне. То бок Тамашэвіч мусіў скласьці пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні або затрымаць валянтэраў, вось тады адміністрацыйны працэс лічыўся б пачатым. Па-другое, правядзеньне фота- і відэаздымкі магчымае з улікам меркаваньня бакоў, а для правядзеньня аўдыёзапісу атрымліваць дазвол наогул ня трэба.
«Я пачала анлайн-трансьляцыю на сваёй старонцы ў «Аднакласьніках», каб паказаць, у якіх умовах утрымліваюцца жывёлы. Падумала, што кагосьці гэта ўсхвалюе, – патлумачыла Юлія Малышава. – Тут жа падышлі супрацоўнікі міліцыі, яны апынуліся ў кадры. Я прасіла паказаць дакумэнты, згодна зь якімі мы ня маем права знаходзіцца на тэрыторыі аўтабазы, дзе ўтрымліваюць сабак. Але мяне так і не азнаёмілі з гэтымі дакумэнтамі як мае быць».
У выніку сем валянтэраў, сярод якіх быў і непаўналетні хлопец, забралі ў аддзяленьне міліцыі. На ўсіх склалі пратаколы, некалькі чалавек пакінулі да суду ў ізалятары. Па выніку усім далі штрафы – ад 10 да 25 базавых велічынь. Больш за ўсіх атрымала Юлія Малышава.
«За стрым мне далі 20 базавых велічынь (каля 230 даляраў. – рэд.), – кажа Юлія. – Прычым гэты эпізод разглядалі на другім судзе, дзе мяне нават не было. Я ўжо постфактум даведалася пра тое, што вінаватая».
Суд прызнаў, што анлайн-трансьляцыя на старонцы ў «Аднакласьніках» – гэта матэрыял СМІ, то бок прыраўнаваў стрым у сацсетках да артыкулу ў газэце ці сюжэту на тэлеканале. Хоць сацыяльныя сеткі не зьяўляюцца сродкам масавай інфармацыі.
Таксама суд у сваім рашэньні назваў карыстальніцу сацыяльнай сеткі Юлію Малышаву журналісткай, хаця паводле закону «Аб СМІ», журналістам зьяўляецца асоба, якая стварае матэрыял для кампаніі, на якую ўскладзеная функцыя рэдакцыі СМІ (у «Аднакласьнікаў» такой функцыі няма). Таксама журналіст павінен быць зьвязаны з гэтай кампаніяй працоўнымі або іншымі дамоўнымі стасункамі, чаго ў выпадку з Малышавай таксама не было. Справу разглядала судзьдзя Алеся Дранькова.
Калі беларускія суды і далей будуць гэтак дзейнічаць, то неўзабаве пачнуць судзіць проста за факт публікацыі статусу, незалежна ад яго зьместу, а таксама за рэпост, што супярэчыць ня толькі закону, але і здароваму сэнсу.
Суд падсумаваў штрафы паводле трох артыкулаў, і ў выніку Юлія Малышава павінна заплаціць 46 базавых велічынь – гэта 1058 рублёў (амаль 530 даляраў).
«Мой адзіны прыбытак – гэта дапамога па доглядзе за дзіцем – 380 рублёў у месяц, – патлумачыла дзяўчына. – Грошай на штраф у мяне няма, хіба што крэдыт браць».
Яшчэ адна валянтэрка Алена Мірашнічэнка кажа, што не чакала такой рэакцыі праваахоўных органаў і суду.
«Справа ў тым, што на ўтрыманьне жывёл зь бюджэту выдзяляюцца сродкі. І гэтыя сумы не адпавядаюць таму, што адбываецца ў пункце ўтрыманьня, – кажа Алена. – Акрамя таго, на відэа зафіксаваныя парушэньні падчас затрыманьня. Мяркую, гэта і раззлавала ўлады».
Юлія і іншыя валянтэры зьбіраюцца падаць скаргу на рашэньне Аршанскага суду.
Дарэчы, пасьля таго як у «Аднакласьніках» было апублікаванае тое самае відэа, жыхары гораду забралі з прыёмніку амаль усіх бяздомных сабак.
«Пасьля нашага візыту забралі пяць сабак, – кажа Алена Мірашнічэнка. – Яшчэ адна сабака прапаў, мы напісалі зварот на імя кіраўніцтва, каб нам растлумачылі, што зь ім здарылася. Астатнія сабакі трапілі ў вельмі добрыя рукі. Нягледзячы на тое, што ўсе яны маюць патрэбу ў лекаваньні, знайшліся неабыякавыя людзі, гатовыя ім дапамагчы».
Адар'я Гуштын, naviny.by