Увечары 24 красавіка міліцыя прыбыла ў кватэру прадпрымальніка з намерам правесьці ператрус. Гэта ўжо другі ператрус у прадпрымальніка за вясновыя месяцы.
Першы ператрус праводзіўся па абвінавачваньні Бердзянёва ў датычнасьці да рабаўніцтва ашчадкасы ў Полацкім раёне. Як распавёў спадар Генадзь, усе гэтыя ліпавыя абвінавачваньні маюць на мэце абмежаваць яго пераезды для ўдзелу ў менскіх мітынгах.
Другі візыт міліцыі быў грунтаваны на заяве пільнага грамадзяніна Кавалёва Сяргея, які, на думку Генадзя, адмыслова абражаў яго ў камэнтарох да допісаў у сацсетках. Кавалёў таксама зьяўляецца прадпрымальнікам і працуе на наваполацкім рынку «Дзьвіна». Іншыя прадпрымальнікі характарызуюць яго як скандаліста, які часта піша заявы ў органы ўлады са скаргамі на калег па бізнэсе.
Такія мэтады перасьледу грамадзкіх актывістаў адбіваюцца на псыхалягічным стане родных і блізкіх людзей. Падчас ператрусу 24 красавіка ў кватэры Генадзя знаходзіліся яго жонка і ўнук, якога ў гэты час трэба было карміць і купаць. Жонка ўчыніла скандал з-за дзеяньняў міліцыі, што дало нечаканы вынік – міліцыянты адмовіліся ад правядзеньня другога ператрусу, толькі сфатаграфавалі абстаноўку ў кватэры і забралі пляншэт.
Копію пратаколу канфіскацыі пляншэта міліцыянты спадару Берденеву не далі, як не давалі і копію пратаколу першага ператрусу.
Аляксандар Марозаў