Паводле апісаньня зьместу гэтага цыклю, заплянавана 50 выпускаў праграмы па 15 хвілін. Перадача "павінна расказваць аб усіх важных этапах выбарчай кампаніі", тут мусяць быць паказаныя "інтэрвію зь дзеючымі дэпутатамі, кіраўнікамі выбарчых камісіяў, выступы кандыдатаў у дэпутаты, тэледэбаты".
Слова "тэндэр" у гэтым кантэксьце выглядае як фікцыя: астатнія перадачы, заплянаваныя аблвыканкамам у пераліку "сацыяльна значных тэлеперадач", стала выпускае дзяржаўнае РУП РТЦ "Тэлерадыёкампанія “Віцебск”". Гэта і праграмы навінаў "Віцебскі весьнік" , і праграма "Закон і парадак" – пра крымінальныя злачынствы з элемэнтамі прафіляктыкі парушэньняў правапарадку, і "Вячэрні Віцебск" – перадача, рубрыкі якой асьвятляюць працу мясцовай улады і сфэры эканомікі, аграпрамысловага комплексу, жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, сацыяльнай абароны, адукацыі, культуры, спорту і г.д.
У пакеце "сацыяльна значных тэлеперадач" няма аніводнай праграмы, якая была б прысьвечаная дыспутам паміж прадстаўнікамі розных палітычных сіл краіны або сустрэчам прадстаўнікоў розных прафсаюзаў ці грамадзкіх утварэньняў дэмакратычнай накіраванасьці. Каштуе гэты пакет 9 мільярдаў 127 мільёнаў 280 тысяч рублёў. Выдаткоўвацца грошы будуць з абласнога бюджэту.
Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"