Панядзелак, 10 Верасень 2012

Суд не задаволіў пазоў да газэты “Віцебскі кур’ер”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Мікалай Петрушэнка Мікалай Петрушэнка

Тым ня менш кандыдат у дэпутаты Мікалай Петрушэнка за артыкул “От пущи до неволи: в тихом болоте черти водятся”, апублікаваны ў “Віцебскім кур’еры”, мусіць заплаціць 3 мільёны рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды, а таксама 600 тысяч дзяржапошліны. Гэткае рашэньне агучыла 11 верасьня судзьдзя Талачынскага раённага суду Натальля Барысавец у паседжаньні па пазове старшыні раённай арганізацыі “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” Юрыя Лычкоўскага аб абароне гонару й годнасьці. Лычкоўскага абразіла тое, што аўтар згаданай публікацыі нібыта назваў яго браканьерам.

 

Пазоўнік хацеў спагнаць за маральную шкоду з гэзэты і аўтара Мікалая Петрушэнкі 5 млн. рублёў у салідарным парадку. Але судзьдзя адмовіла ў задавальненьні пазову да выданьня “Віцебскі кур’ер”. Між тым, праваабаронцы лічаць, што вынесены прысуд неабгрунтаваны і незаконны зь юрыдычнага пункту гледжаньня. Гэтак, як заўважыў віцебскі праваабаронца Павал Левінаў, да матэрыялаў справы нават ня быў падшыты сам газэтны артыкул. Акрамя таго, тэкст ня быў падпісаны Петрушэнкам як аўтарам, а падаваўся рэдакцыяй пад агульнай рубрыкай “Дасьледаваньні Мікалая Петрушэнкі”.

“То бок гэта публікацыя зьяўляецца рэдакцыйным артыкулам і ў якасьці адказчыка павінен быў выступаць прадстаўнік “Віцебскага кур’ера”, – кажа Левінаў. Але рэдакцыя газэты ўдзелу ў працэсе ня брала, бо нават не атрымала позвы ў суд. Левінаў мяркуе, што пазоўнік не падаў аніякіх доказаў таго, што яму прычынілі маральную шкоду. У пазоўнай заяве ён выказаў толькі меркаваньні, што публікацыя зьняважыла яго маральна.

Судзьдзі Барысавец неаднойчы падчас працэсу заяўляліся адводы. Але штораз яна іх адхіляла. Петрушэнка зьбіраецца абскарджваць рашэньне Талачынскага суду ў Віцебскім абласным судзе.

Дыялёг