Суддзя Святлана Іванова разгледзела скаргу незалежнай журналісткі Алены Шабуні на пастанову суду Першамайскага раёну Віцебску ад 17 лістапада. Паводле арт. 22.9 КаАП суд прызнаў Алену вінаватай у вырабе прадукцыі СМІ і аштрафаваў журналістку на 35 базавых велічыняў (945 рублёў). Матэрыял быў размешчаны на сайце «Белсату». З судовай пастановай Першамайскага суду Шабуня не пагадзілася.
У сваёй скарзе журналістка пераконвала, што сваімі дзеяннямі не нанесла дзяржаве ніякай шкоды. Яе дзеянні не паўплывалі на дзяржаўную бяспеку ці грамадскі парадак. Вынесенае судом адміністрацыйнае пакаранне Шабуня палічыла неабгрунтаваным і патрабавала пастанову адмяніць, а справу спыніць праз адсутнасць складу адміністрацыйнага правапарушэння.
Свае патрабаванні, выказаныя ў скарзе, журналістка падтрымала і ў судзе, але на рашэнне гэта не паўплывала. Святлана Іванова пакінула вынесеную судом Першамайскага раёну пастанову без зменаў, а скаргу – без задавальнення.
Вазочніца Валянціна Крыштопенка аспрэчвала рашэнне суду Віцебскага раёну ад 4 снежня. Пасля забойства Рамана Бандарэнкі жанчына 15 лістапада ўзяла ўдзел у несанкцыянаваным уладамі шэсці. Паводле ч.1 арт.23.34 КаАП суд аштрафаваў Валянціну на 25 базавых (675 рублёў). Суддзя Святлана Іванова пакінула скаргу без задавальнення.
Студэнт ветакадэміі Уладзіслаў Гаголка спрабаваў абскардзіць пастанову суду Кастрычніцкага раёну Віцебску, вынесеную паводле ч.1 арт.23.34 і арт. 23.4 КаАП. Штраф па абодвух артыкулах склаў 15 базавых велічынь (405 рублёў). Суд прызнаў Гаголку вінаватым у несанкцыянаваным пікетаванні 1 верасня каля будынку ВДУ імя Машэрава і 2 верасня – каля будынку акадэміі ветэрынарнай медыцыны. У задавальненні скаргі суддзя Іванова таксама адмовіла.
Скаргу жыхаркі Докшыцкага раёну Таццяны Дорц разглядала суддзя Ірына Смалякова. 30 лістапада Докшыцкі раённы суд паводле ч.1. арт. 23.34 аштрафаваў Таццяну Дорц на 40 базавых велічынь (1080 рублёў) за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 13 лістапада. Скаргу таксама не задаволілі і пастанову не змянілі.
С. Горкі